ПРАВААБАРОНЦУ АКСАНУ НОВІКАВУ ЗАТРЫМАЛІ ЗА НЕСАНКЦЫЯВАНЫ ПІКЕТ

Любоў Лунёва, Менск

Аксана Новікава стаяла сёньня ля будынку Менскага гарадзкога суду з плякатам: “Беларусі патрэбен суд прысяжных”. Яе затрымалі супрацоўнікі Фрунзенскага аддзяленьня міліцыі. На Аксану склалі пратакол паводле 167-га артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу (парушэньні падчас правядзеньня масавых вулічных мерапрыемстваў). Судзьдзя заўважыла, што адміністрацыйны пратакол быў складзены з парушэньнямі і накіравала яго на дапрацоўку. Такім чынам, разгляд справы адбудзецца пасьля таго, як міліцыянты пераробяць пратакол і прынясуць яго ў суд. Але жанчыну, якая мае маленькую двухгадовую дачку, не адпусьцілі з аддзяленьня міліцыі, а павезьлі ва ўпраўленьне Фрунзенскага раёна. Аксане патлумачылі, што да яе мае прэтэнзіі супрацоўнік, які адказвае за нагляд за асуджанымі паводле крымінальнага кодэксу.

Дзядзька Аксаны Канстанцін, не дачакаўшыся сваёй пляменьніцы, забіраў яе дачку з дзіцячага садку. Ён абураны дзеяньнямі міліцыянтаў:

(Канстанцін: ) “Мяне абурае тое, што Аксану дагэтуль трымаюць у міліцыі. Я вымушаны сам забіраць яе дачку зь дзіцячага садка. Як гэта так? Што я адкажу дзіцёнку, калі той спытае: “Дзе мама?” Аксана нічога такога не зрабіла. Яна толькі выйшла да суду, каб выказаць сваю пазыцыю. Вось вам і свабода слова, і свабода думак… Хапаюць і забіраюць у міліцыю. Нават ня ўлічваюць таго, што ёсьць маленькія дзеці”.

Затрыманьне можа мець для Аксаны сур’ёзныя наступствы. Яна была адной з арганізатараў акцыі на плошчы Якуба Коласа 24 лістапада. Яе затрымалі і ўручылі позву ў міліцыю, каб потым адвезьці ў суд. Аксана ў міліцыю не прыйшла. Магчыма, супрацоўнікі міліцыі будуць хадайнічаць, каб Аксане зьмянілі меру пакараньня за абразу прэзідэнта і пазбавілі яе волі.

Пазьней стала вядома, што Аксану Новікаву адпусьцілі і яна цяпер дома. Супрацоўнік аддзелу міліцыі, які адказвае за нагляд за асуджанымі паводле крымінальнага кодэксу, Руслан Багнат папярэдзіў Аксану, што ў выпадку новых парушэньняў артыкулаў адміністрацыйнага кодэксу суд можа зьмяніць меру пакараньня, і Аксана год правядзе ў жаночай калёніі.