НЯМЕЦКІЯ ПАХАВАНЬНІ Ў БЕЛАРУСІ: САВЕЦКІЯ ВЭТЭРАНЫ ПА-РАНЕЙШАМУ СУПРАЦЬ

Галіна Абакунчык, Менск

За няпоўныя два гады дзейнасьці ў Беларусі “Народнага зьвязу Нямеччыны ў справе догляду за нямецкімі пахаваньнямі” гэтая арганізацыя здолела выявіць больш за 100 месцаў, дзе знайшлі апошні спачын іх суайчыньнікі. Усяго ж на тэрыторыі краіны такіх пахаваньняў каля ста тысячаў. Прадстаўнікі нямецкага зьвязу кажуць, што паколькі няма магчымасьці адзначаць кожнае зь іх, варта перанесьці ўсе знойдзеныя парэшткі на адны зборныя могілкі, як гэта зроблена ў многіх краінах Эўропы. Але ў Беларусі гэтае пытаньне па-ранейшаму застаецца адкрытым. Гаворыць рэфэрэнт Народнага зьвязу Нямеччыны Людміла Качановіч:

(Качановіч: ) “Усе гэтыя гады ўзьнікала непаразуменьне: нехта вельмі агрэсіўна настроены. А ў асноўным, калі выяжджаеш у вёскі, няма варажнечы. Ніхто нічога не забыўся, але злосьці няма: людзі кажуць, што ўсё трэба зрабіць па-людзку і па-хрысьціянску. Але дазволу на будаўніцтва альбо перазахаваньне ў нас няма”.

Беларуска-нямецкае пагадненьне пра догляд вайсковых пахаваньняў было падпісанае яшчэ ў 1996 годзе. Адрозна ад іншых эўрапейскіх краінаў, Беларусь дагэтуль не ратыфікавала яго. І да 60-гадовага юбілею перамогі наўрад ці айчынныя заканадаўцы распачнуць яго разгляд, — кажа старшыня Рэспубліканскага савету вэтэранаў, сябра камісіі Савету рэспублікі Анатоль Новікаў.

(Новікаў: ) “Мы лічым, што праект падпісанага пагадненьня не адпавядае інтарэсам краіны. Да прыкладу, у адным з параграфаў гаворыцца пра ўсіх грамадзянаў Нямеччыны — гэта што, і эсэсаўцы, і карнікі? Цяпер, напярэдадні 60-годзьдзя, падымаць гэтую тэму, пэўна нямэтазгодна”.

Кіраўнік грамадзкай арганізацыі “Фонд міру” Марат Ягораў — сам удзельнік апошняй вайны, на франтах загінулі ягоны бацька і брат. Вэтэранскую непрымірымасьць спадар Ягораў называе палітычна недальнабачнай і негуманнай:

(Ягораў: ) “Некаторыя сваімі думкамі засталіся ў мінулым: і эсэсаўцы, і простыя жаўнеры, яны таксама ахвяры вайны. І самае галоўнае — калі здарылася ў нас чарнобыльская бяда, сем’і, простыя людзі прымаюць у сябе нашых дзяцей, лечаць іх. Яны на практыцы паказалі, што вінавацяцца за мінулае. Іхныя бацькі, дзяды і прадзеды ляжаць у нашай зямлі: не вядзецца гаворкі пра помнікі, але трэба чыста па-людзку хаця бы абазначыць месца, дзе пахаваны чалавек”.

Паводле афіцыйных зьвестак, на догляд пахаваньняў савецкіх салдатаў часоў другой усясьветнай вайны ўрад Нямеччыны выдаткоўвае 25 мільёнаў эўра штогоду.