Большасьць магілёўцаў, якія бралі ўдзел у апытаньні, абіралі чалавекам 2003 году вядомых асобаў у Беларусі.
(Спадар: ) “Я мяркую, Васіль Быкаў. Гэта чалавек, які дае нам усім прыклад — як жыць, як змагацца за незалежнасьць, за волю, за тое, каб мы жылі лепш”.
(Карэспандэнт: ) “Каго, на ваш погляд, у Беларусі можна назваць чалавекам 2003 году?”
(Спадарыня: ) “Чыгір! Таму што ён хоча, каб Беларусь квітнела. Хоць яму перашкаджаюць і тармозяць, але гэта чалавек, на якога можна разьлічваць усёй Беларусі”.
Маладыя людзі прыгадвалі прозьвішчы людзей зь непалітычных сфэраў жыцьця. Напрыклад, вядомых спартоўцаў.
(Спадар: ) “Максім Мірны. Ён увогуле станоўчы з усіх бакоў. Ня п’е, не паліць, нароктыкаў не ўжывае, герой. Пераможца”.
(Карэспандэнт: ) “Як вы лічыце, хто ў Беларусі дастойны званьня чалавека 2003 году?”
(Спадарыня: ) “Толькі не Лукашэнка!”
Аляксандру Лукашэнку аддавалі перавагу толькі людзі сталага ўзросту і наступным чынам тлумачылі свой выбар:
(Спадар: ) “Нам дадалі 20 тысяч рублёў пэнсіі, так што ўжо больш-менш нічога. Канечне, малавата ўвогуле, але жыць можна”.
(Спадарыня: ) “Увогуле ён заўсёды выступае, імкнецца, і цэнаў не падвышае — хаця яны і падвышаюцца. Неяк хоць словамі нешта… А больш мы нікога ня бачым і ня чуем”.
Некаторыя суразмоўцы не маглі прыгадаць ніводнай асобы ў Беларусі, якая б заслугоўвала званьня чалавека году.
(Спадар: ) “У Беларусі чалавек году? Цяжка адказаць”.
(Спадар: ) “Ня ведаю”.
(Карэспандэнт: ) “Хто на вашае жыцьцё аказаў набольшы ўплыў?”
(Спадар: ) “Ніхто. Як былі бедныя, так і засталіся”.
Чалавекам 2003 году для сябе асабіста многія магілёўцы абіралі сваякоў і самых блізкіх людзей:
(Спадар: ) “Мая дзяўчына, напэўна. Ідэал ва ўсіх адносінах — жаночай прыгажосьці, пяшчоты, нейкага разуменьня”.
(Спадарыня: ) “Можа быць, мае дзеці. Іх у мяне двое. Тое, што яны растуць, радуюць мяне і майго мужа. Гэта самае галоўнае пакуль у нашым жыцьці”.
Гэткія меркаваньні мінакоў на магілёўскіх вуліцах.