КАЛЯДНЫ РАСПРОДАЖ ПА-БЕЛАРУСКУ

Ганна Соусь, Менск

(Голас дыктаркі: ) “Паважаныя пакупнікі! У сэкцыі “Бытавая тэхніка” праходзіць пашыраны калядны распродаж. Гандлёвая надбаўка на лядоўні, маразільнікі, пральныя машыны “Атлянт” зьніжаная да 10 адсоткаў. На тэлевізары “Гарызонт” — да 13 адсоткаў”.

Гэта была перадкалядная абвестка ў гандлёвым доме “На Нямізе”. У гэтай краме напярэдадні сьвятаў ладзіцца шмат розных акцыяў і калядных распродажаў. Дарэчы, саму краму адпаведным чынам ўпрыгожылі больш за месяц таму. І амаль у кожным аддзеле ёсьць тавары са зьніжкамі. Збольшага ўнівэрмаг сам зьніжае гандлёвую надбаўку, але часам зьмяншаюць кошты і фірмы-вытворцы. Распавядае прадстаўнік адміністрацыі ўнівэрмагу Ўладзімер Іванкоў:

(Іванкоў: ) “Традыцыйна гандлёвы дом “На Нямізе” рыхтуецца да новага году, Калядаў. Каля 40 мерапрыемстваў адбудзецца на плошчах гандлёвага дому. Гэта будуць выставы-продажы ювэлірных вырабаў Гомельскага заводу “Крышталь”, на якія зробленыя зьніжкі да 30 адсоткаў, ды іншыя”.

Але далёка ня ўсе менскія крамы ладзяць калядныя распродажы, і памер зьніжак збольшага пакуль невялікі. А ці заўважылі пакупнікі, што ў Менску распачаліся перадсьвяточныя распродажы?

(Спадар: ) “Учора нават напой купіў з распродажу “Мэрында”, “Ліптан” быў са зьніжкай. Вопратка, усё ёсьць ўжо ў распродажы”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, ці пераймае Беларусь эўрапейскую традыцыю калядных распродажаў?”

(Спадарыня: ) “Пераймае, і з кожным годам усё больш і больш адбываецца ўсялякіх распродажаў”.

(Спадар: ) “У Эўропе заўжды зьніжаюць цэны. А ў нас вісяць таблічкі, але цэны ня надта зьніжаюць. Пішуць: 50 адсоткаў зьніжкі, хаця зьніжка можа толькі 10 адсоткаў. Канечне, яшчэ таго, што ў Эўропе, у нас няма”.

(Спадарыня: ) “Я па крамах не хаджу, няма грошай”.

(Спадар: ) “У ГУМ, ЦУМ заходзілі, паўсюль сувэніры. Падарункі зьбіраемся набываць сябрам, так што ўсё нармальна з гэтым. А наконт коштаў… Менск — даволі багаты горад, такім чынам, кошты не зьніжаюць. Прыгажосьць патрабуе ахвяраў, і таму кошты на гэта ня трэба зьніжаць”.

Гэткія меркаваньні пакупнікоў у менскіх крамах наконт калядных распродажаў. Дарэчы, у многіх гандлёвых цэнтрах кошты на Каляды, наадварот, падвышаюцца. Як кажуць гандляркі з гандлёвага цэнтру “Купалаўскі”, яна пачнуць зьніжаць кошты на тавары толькі пасьля сьвятаў. Бо перад Калядамі людзі ў любым выпадку будуць рабіць шмат пакупак, а таму, як яны лічаць, проста няма сэнсу зьніжаць кошты.