“САША І СІРОЖА” НЕ ЎПІСАЛІСЯ Ў ДЗЯРЖАЎНУЮ ІДЭАЛЁГІЮ

Ігар Карней, Менск

Сяргей Міхалок і Аляксей Хацкевіч кажуць, што іхныя героі — тыповыя для сучаснага беларускага грамадзтва, дый увогуле ўяўляюць яго праўдзівы зрэз, пра які так клапоціцца ўлада. У гэта сапраўды верыш, паколькі гавораць “Саша і Сірожа” на трасянцы і тым самым выклікаюць асацыяцыі з адной рэальнай высокапастаўленай асобай.

На сайце расейскага каналу РТР выказваньні беларускіх тэлевядучых месьцяцца ў дайджэсьце “Беларусь: другое прышэсьце камісараў”, а рэфрэнам да агульнай тэмы абранае выказваньне Аляксандра Лукашэнкі: “Ідэалёгія для дзяржавы — тое ж самае, што імунная сыстэма для жывога арганізму”. Зазначым, што рэанімацыя ў сучаснай Беларусі аджылай ідэалёгіі моцна ўразіла расейцаў, і амаль на ўсіх расейскіх каналах былі паказаныя на гэтую тэму сюжэты. А ў эфіры РТР беларускія тэлевядучыя далі наступны сатырычны камэнтар таму, як беларуская ўлада разумее гэтую самую ідэалёгію: “Ідэалёгія — гэта добра, паколькі людзі будуць ведаць, пра што ім думаць. Бо самім думаць лянота, самім не цікава. А так табе сказалі — з гэтым сябруем, а з гэтым — не. Хакей — добра, кёрлінг “ня каціць”. “Макдональдз” — шкодна ці ня шкодна”.

Яўген Калмыкоў, прадусар ня толькі праекту “Саша і Сірожа”, але і гурту “Ляпіс Трубецкой”, у якім салістам Сяргей Міхалок, так адрэагаваў на закрыцьцё праекту “Дастань зорку”:

(Калмыкоў: ) “Беларусь мае пэўны імідж: маленькая, крыху такая калгасная краіна ў цэнтры Эўропы. Пэўна, часткова мы сябе такімі і ўяўляем... Але ўсім падабаецца гэтую тэму далей паглыбляць — яна ж вясёлая, сьмешная для астатніх. Журналіст — гэта той жа прафэсіянал, які выконвае свае абавязкі. І калі ў заснавальнікаў РТР сёньня бачаньне Беларусі такое — значыць, гэта так. Хоць, калі ўважліва паглядзець сюжэт, нічога страшнага “Саша і Сірожа” не сказалі. Іншая справа, што пасьля гэтага нас зачынілі, а гэта таксама характарызуе сытуацыю”.

Я пацікавіўся ў спадара Калмыкова, ці зьбіраюцца аўтары праекту весьці нейкія перамовы з кіраўніцтвам тэлерадыёкампаніі, каб усё ж паспрабаваць аднавіць выхад сатырычнай праграмы “Дастань зорку”?

(Калмыкоў: ) “А навошта? Мы што, моцна перажываем? Для нас праект “Саша і Сірожа” — так, каб парагатаць. Нічога сур’ёзнага ў гэтым насамрэч няма. У нас ёсьць свае жыцьцёвыя прынцыпы: мы ўвасабляем праекты, калі весела, калі сьмешна. Ну, клоўны мы ў жыцьці. І спрабуем, наколькі гэта магчыма, жыцьцёвую пазыцыю захаваць, бо жыць весела цікавей, чым жыць сумна і сур’ёзна. Таму выходзім мы на БТ, альбо не — мы ўсё роўна сваім праектам займаемся. Іншая справа, што ён формы розныя набывае. Зь яго можна і коміксы маляваць, і мульцікі рабіць, відэа. Альбом зь песьнямі на гэтую тэму будзем запісваць. У адзін бок ня йдзе, у іншы будзе разьвівацца…”

У сваю чаргу прадстаўнікі Беларускага тэлебачаньня не хаваюць, што зьяўленьне кагосьці з тэлевядучых на іншых каналах бязь ведама кіраўніцтва каналу — рэч недапушчальная.

Што тычыцца праграмы “Дастань зорку”, то тэлечыноўнікі спасылаюцца на нізкі рэйтынг перадачы ў вечаровым эфіры. Самі ж удзельнікі праекту кажуць, што Першы канал не прыклаў ніякага намаганьня дзеля папулярызацыі праграмы, а папулярнасьць сваю яна заваявала сама па сабе і дзякуючы ранейшай “раскрутцы” на іншых каналах.

Пасьля таго, як праграма “Дастань зорку” зьнікла з эфіру, за посьпехамі народных герояў, “Сашы і Сірожы”, можна, як і раней, сачыць на старонках спартовай газэты “Прессбол”, якая зьмяшчае паводле іх прыгодаў коміксы.