БЕЛАРУСКАЯ ВІЗА СТАЛА БОЛЬШ ДАСТУПНАЯ ДЛЯ ЭЎРАПЕЙЦАЎ

Валер Каліноўскі, Менск

Як паведаміў Радыё Свабода начальнік аддзелу консульскай управы МЗС Беларусі Аляксандар Астроўскі, уступіла ў сілу рашэньне, згодна зь якім грамадзяне 13 краінаў Эўразьвязу, што ўваходзяць у так званую шэнгенскую зону, пры звароце ў амбасады Беларусі па візы больш не павінны прад’яўляць запрашэньня ад нейкай арганізацыі ці грамадзяніна Беларусі. Такую ж палёгку атрымаюць з 1 студзеня і грамадзяне Вялікабрытаніі, якія жадаюць наведаць Беларусь, гэтае пытаньне абмяркоўваецца ў МЗС. Наколькі паўплывае такое рашэньне на павелічэньне патоку ахвотных наведаць Беларусь, у МЗС пакуль прадказаць не бяруцца.

Беларускія візы замежныя грамадзяне могуць атрымліваць і ў Нацыянальным аэрапорце “Менск”, але ў гэтым выпадку яны ўсё ж і надалей павінны будуць прад’яўляць арыгінал запрашэньня для памежных службаў.

Замежныя грамадзяне часта скардзяцца на высокі кошт консульскіх збораў на афармленьне беларускіх візаў — Аляксандар Астроўскі не выключае, што беларускі ўрад прыме рашэньне пра зьніжэньне гэтых збораў. Пытаньне ўжо разглядаецца ў МЗС, паведаміў ён.

Спрашчэньне працэдуры атрыманьня беларускіх візаў для грамадзянаў Эўразьвязу зробленае ў разьліку на адэкватныя крокі насустрач, — гаворыць прадстаўнік консульскай управы МЗС Аляксандар Астроўскі.

(Астроўскі: ) “Усе прапановы Рэспублікі Беларусь перададзеныя ў Эўрапейскую камісію, уключаючы вось гэты крок беларускага боку аб адмене запрашэньняў. Гэта разглядаецца Эўрапейскай камісіяй. Адказу мы дагэтуль не атрымалі. Мы спадзяемся на адпаведны крок з боку гэтых краінаў”.

У 2004 годзе да Эўразьвязу далучацца 10 новых краінаў-сябраў, у тым ліку суседзі Беларусі. Спрашчэньне візавых адносінаў зь імі застаецца асобным пунктам парадку дня, — зазначыў Аляксандар Астроўскі.

Ідэя спрашчэньня візавага рэжыму з краінамі Эўропы абмяркоўваецца таксама ў Расеі і ва Ўкраіне. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчаў са сваімі эўрапейскімі калегамі ўвогуле прапаноўвае адмовіцца ад візаў. Але пакуль марна. Ва Ўкраіне пайшлі іншым, чым у Беларусі шляхам, дамагаючыся спрашчэньня візавага рэжыму перш за ўсё са сваімі суседзямі. Намесьнік кіраўніка прэсавай службы МЗС Украіны Аляксандар Гаркоў сказаў, што ўжо ёсьць дамовы з Польшчай і Вугоршчынай пра так званы асымэтрычны візавы рэжым, пры якім палякі і вугорцы могуць езьдзіць ва Ўкраіну бязь візаў, а ўкраінцы атрымліваюць бясплатныя візы. Цяпер пашыраецца шэраг консульскіх установаў на тэрыторыі Ўкраіны. Акрамя таго, перамовы пра аналягічны парадак МЗС Украіны праводзіць зь іншымі кандыдатамі на ўступленьне ў Эўразьвяз, перш за ўсё з краінамі Балтыі. Беларусь адмовілася ад такога прынцыпу фармаваньня візавых адносінаў са сваімі суседзямі.

Аляксандар Гаркоў мяркуе, што ў сувязі з жорсткімі правіламі шэнгенскай зоны дамагацца бязьвізавага рэжыму для Ўкраіны, Расеі і Беларусі пакуль нерэальна. Для спрашчэньня візавага рэжыму перш за ўсё патрэбна падпісаць дамовы аб рэадмісіі нелегальных мігрантаў.