СКАРБАШУКАЛЬНІКІ

Севярын Квяткоўскі, Менск

Я знаходжуся на ўскрайку аднаго з буйных гарадоў Менскае вобласьці. З правага боку ад мяне ўзвышаюцца гарадзкія дзевяціпавярховікі, а зьлева пачынаюцца прыватныя драўляныя хаты. Мой суразмоўца Дзьмітры кажа, што ў кожным выпадку, штосьці зь сярэднявечча беларускага мы абавязкова тут знойдзем. Дзьмітры ўжо ўключыў сваё прыстасаваньне, якое завецца мэталадэтэктар, альбо папросту мэталашукальнік.

(Карэспандэнт: ) “Што азначае гук, які толькі што быў?”

(Дзьмітры: ) “Сьмецьце, хутчэй за ўсё. Мэталасьмецьце”.

(Карэспандэнт: ) “Як ты вырашаеш, ці варта табе брацца за рыдлёўку?”

(Дзьмітры: ) “Паводле сыгналу, з вопытам прыходзіць. Ад манэты сыгнал мусіць быць чоткі, выразны. А тут быў сыгнал зьменлівы. У прынцыпе, усё залежыць ад таўшчыні манэты. Чым манэта танчэйшая, тым яна гучыць ніжэй, чым таўсьцейшая, тым гучыць вышэй. Але золата звычайна гучыць ніжэй, чым срэбра”.

Шукальнікі ніколі не выяжджаюць проста так, без падрыхтоўкі. Тлумачыць Дзьмітры:

(Дзьмітры: ) “Пасядзець, папрацаваць у архіве, папрацаваць зь літаратурай, папрацаваць зь мясцовым насельніцтвам, каб не хадзіць дарма па полі, а прыйсьці туды, дзе ўжо штосьці знаходзілі… Вось гэта гук манэты”.

(Карэспандэнт: ) “Паўгадзіны пошукаў, і вось нашая першая знаходка. Што гэта за манэта?”

(Дзьмітры: ) “Так... Гэта манэта часоў Жыгімонта Аўгуста. Паўгрош 1548 году”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі такая манэта цяпер каштуе на рынку?”

(Дзьмітры: ) “Розны кошт, залежыць ад пакупніка. Даляраў ад 7 да 15. Залежна, ад стану, і гледзячы на якім рынку: беларускім, польскім ці літоўскім...”


* * *
(Эльяшэвіч: ) “Ня менш як палова манэтаў, якія абарачаюцца на польскіх аўкцыёнах і на літоўскім нумізматычным рынку, яны маюць паходжаньне зь беларускай зямлі. Літоўскія і польскія калекцыянты больш патрыятычныя ў адносінах да нумізматычнай спадчыны Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага”, — мяркуе калекцыянт Алесь Эльяшэвіч.

Шлях знаходкі з зямлі да калекцыянта бывае пакручастым. Ці не на кожным рынку можна пабачыць чалавека з шыльдачкай “куплю манэты, іконы, антыкварыят”. Гэта дробны дылер. Ён працуе з разьліку на неабазнанасьць людзей. За срэбны талер ён дасьць школьніку ці бабульцы некалькі тысяч беларускіх рублёў. Далей знаходка пойдзе да буйнейшага дылера. Яны звычайна зьбіраюцца ў клюбах калекцыянтаў, якія фактычна функцыянуюць як свайго кшталту біржы антыкварыяту. Кожны дылер ведае, якому калекцыянту якая рэч патрэбная, і сума талера будзе вымярацца дзясяткамі й сотнямі даляраў. Зь перасячэньнем дзяржаўнае мяжы кошт знаходкі значна ўзрастае:

(Эльяшэвіч: ) “У нас значна меней людзей, якія здольныя плаціць грошы за нумізматычны матэрыял, за антыкварыят і г.д. Калі ацэньваць масштаб нумізматычнага антыкварнага рынку ў Беларусі, ён складае ў абарачэньні 200–300 тысяч даляраў штомесяц, паводле самых сьціплых падлікаў”.

Існуе цэлая спэцыяльнасьць — кур’ераў-кантрабандыстаў. І хаця ці не штотыдзень мытнікі затрымліваюць кантрабандыстаў, большая частка знаходак сплывае за мяжу. Гэта толькі прыблізная схема зьявы, якую прафэсійныя археолягі называюць рабаўніцтвам альбо марадэрствам.

Прафэсар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Валянцін Рабцэвіч — навуковец-нумізмат эўрапейскага значэньня. Нумізматычны музэй гістфаку БДУ створаны на аснове прыватнае калекцыі навукоўца, перададзенай унівэрсытэту. Цяперашні стан захаваньня прыхаванае ў зямлі гістарычна-культурнае спадчыны спадар Рабцэвіч характарызуе гэтак:

(Рабцэвіч: ) “У Беларусь прыйшла чума. Гэта не рабаўніцтва, гэта марадэрства. Подлае марадэрства — гэта рабаваць сваіх продкаў”.

У якасьці прыкладу прафэсар Рабцэвіч называе свой апошні візыт на раку Менку, на месца заснаваньня Менску, дзе ўсё спрэс перакапанае шукальнікамі скарбаў. Прафэсар кажа, што проста цяжка ацаніць маштаб і каштоўнасьць рэчаў, якія штодня несанкцыянавана вымаюцца зь беларускай зямлі. Вось пра знаходкі з ракі Менкі:

(Рабцэвіч: ) “І гэтыя ўнікальныя рэчы зьяўляюцца на чорным рынку. Я ўжо трымаў у руках віслыя пячаткі — унікальныя рэчы для Беларусі 11–12 стагодзьдзяў”.

Валянцін Рабцэвіч гатовы прывесьці дзясяткі прыкладаў што да каштоўных знаходак апошніх дзесяці гадоў. Зрэшты, сёньня ўсё больш зь беларускае зямлі вымаюць манэты, зброю, рыштунак, прадметы раскошы й побыту мінуўшчыны.

(Эльяшэвіч: ) “Аніводнага беларускага поля няма, на якім не было б пакінута стагодзьдзямі хаця б некалькі манэтаў”, — так мяркуе калекцыянт Алесь Эльяшэвіч.

Сам Алесь папаўняе свай збор за кошт людзей, якія несанкцыянавана шукаюць скарбы. Журналісты называюць шукальнікаў “чорнымі археолягамі”. А прафэсійныя археолягі пагардліва — “пацукамі” альбо “чорнымі копарамі”.

Пытаюся ў скарбашукальніка Дзьмітрыя:

(Карэспандэнт: ) “Ты адчуваеш, што робіш штосьці дрэннае, незаконнае?”

(Дзьмітры: ) “Наўрад ці... У нас заканадаўства неразьвітае зусім. Калі б я мог свае знаходкі прынесьці ў Інстытут гісторыі, каб яны паглядзелі, унесьлі ў свае дадзеныя, было б някепска. А як у нас гэта не разьвіта, то што зробіш? Лепш прадаць патрыёту нашаму, беларускаму калекцыянту. Які нізавошта не дапусьціць, каб гэтыя рэчы, манэты, напрыклад, вывозіліся куды-небудзь у Літву ці ў Польшчу”.

Дзьмітры спасылаецца на досьвед Брытаніі, дзе няма сэнсу хаваць адшуканы скарб, бо яго выкупляюць дзяржаўныя музэі па нармальным кошце — у той час як нашая дзяржава дае на парадак меней за рынкавы кошт знаходкі.

Для вядзеньня земляных досьледаў трэба мець адпаведны дазвол, які завецца “адкрыты ліст”. Загадчык катэдры археалёгіі гістарычнага факультэту БДУ Аляксандар Егарэйчанка разглядае шукальнікаў як злачынцаў:

(Егарэйчанка: ) “Ня маючы ліста, нават прафэсіянал-археоляг будзе прызнаны злачынцам. А ў дадзеным канкрэтным выпадку ўсе гэтыя чорныя скарбашукальнікі, яны ёсьць злачынцамі. Таму што яны без аніякага дакумэнту зьнішчаюць помнікі”.

Навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН РБ Вадзім Белявец спасылаецца на прыклад Польшчы, дзе ў кожным павеце ёсьць штатны археоляг. Безь ягонага подпісу ня можа ладзіцца будаўніцтва ня тое што дарогі ці газаправоду, але нават лецішча.

Выйсьце з сытуацыі Вадзім Белявец бачыць у стварэньні інстытуту інспэктараў, накшталт лясьнічых, пажарных, рыбнагляду:

(Белявец: ) “Ужо сёньня зь першага курсу ў трох-чатырох унівэрсытэтах трэба браць студэнтаў і рыхтаваць зь іх такіх палявых інспэктараў”.

Сачыць за выкананьнем закону павінен Дэпартамэнт аховы гістарычна-культурнае спадчыны Міністэрства культуры. Аляксандар Егарэйчанка з сумам адзначае, што ў рэгіянальных прадстаўніцтвах дэпартамэнту папросту няма прафэсійных археолягаў. А кіраўнік Дэпартамэнту Ігар Чарняўскі кажа пра малалікасьць супрацоўнікаў нават у цэнтральным офісе — трынаццаць чалавек. Выйсьце з сытуацыі Ігар Чарняўскі бачыць наступнае:

(Чарняўскі: ) “Трэба, каб мэнталітэт грамадзтва зьмяніўся. Каб спадчыну ўспрымалі як пэўны эканамічны рэсурс. Усе разумеюць, што гэта можа быць эканамічным рэсурсам. Але ніхто ня хоча прыкладаць намаганьняў, каб ён такім быў”.

Ігар Чарняўскі кажа, што яму даводзіцца тлумачыць вышэйшым чыноўнікам, чаму нельга чапаць гістарычных помнікаў у цэнтры сталіцы. Што ўжо казаць пра спадчыну, схаваную ў зямлі.