Камуністычная партыя у ноч выбараў абвінаваціла ўлады ў фальсыфікацыі выбараў, паводле КПРФ улады “скралі” ў іх ледзь не палову галасоў. Лідэр партыі Генадзь Зюганаў ахарактарызаваў выбары наступным чынам.
(Зюганаў: ) “Той фарс, які арганізавалі – гэта ганебны фарс. Ён нічога агульнага зь інтарэсамі краіны і дэмакратыіі ня мае”.
Сэнсацыяй галасаваньня стаў вынік створанага пад выбарную кампанію блёку “Родина” на чале з эканамістам Сяргеем Глазьевым і палітыкам Дзьмітрыем Рагозіным. Галоўнымі абяцаньнямі блёку былі абарона расейцаў за мяжою і жорсткая палітыка адносна суседніх краінаў, ва ўнутранай палітыцы “Родина” выступала за абмежаваньне алігархаў і перагляд вынікаў прыватызацыі 90-х гадоў. Лідэр блёку Сяргей Глазьеў ахарактарызаваў яго мэты наступным чынам:
(Глазьеў: ) “Імкненьне, каб улада пачала працаваць у агульнанацыянальных інтарэсах, каб Дума пачала абараняць інтарэсы краіны, а не прыватныя інтарэсы асобных алігархаў, карпарацыяў, лябістаў. Сёньня думская бальшыня галасуе так, як плоцяць. А нам трэба, каб думская бальшыня галасавала ў інтарэсах краіны”.
Кіраўнікі лібэральнага Саюзу правых сілаў называюць прадстаўнікоў блёку “Родина” нацыянал-сацыялістамі і папярэджваюць пра пагрозу павароту Расеі на шавіністычны і аўтарытарны шлях. Паводле лідэра СПС Барыса Нямцова:
(Нямцоў: ) “Гэта вельмі небясьпечна для будучыні Расеі, гэта вельмі небясьпечна для сьвету. Дэмакратычная Расея нікому не пагражае, а аўтарытарная Расея зь ядзернай зброяй – гэта сур’ёзная праблема. Праблема і для самой Расеі ў першую чаргу, і для блізкага замежжа, і для ўсяго сьвету”.
Сама партыя СПС, як і партыя “Яблоко”, ня здолелі пераадолець 5% барьер. Паводле апошняй інфармацыі па тры дэпутаты ад кожнай з гэтых партыяў былі абраныя ў аднамандатных акругах.
Сацыёляг Леанід Сядоў, супрацоўнік дасьледнага цэнтру Ўсерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі, тлумачыць, чаму выбаршчыкі аддалі свае галасы нацыяналістычным партыям:
(Сядоў: ) “Чаму пратэстны электарат хіснуўся менавіта ў гэты бок? Сацыяльныя матывы пачынаюць саступаць месца дзяржаўна-патрыятычным. І ў выніку і ЛДПР, і “Родина” набіраюць галасы”.
Экспэрты адзначаюць, што перавага ў новай Думе сілаў, што арыентуюцца на прэзыдэнта, можа спрыяць перагляду расейскай Канстытуцыі, прынамсі, можа быць зьнятае канстытуцыйная забарона балятавацца на прэзыдэнта ў трэці раз. Сам прэзыдэнт Расеі ахарактарызаваў вынікі выбараў наступным чынам.
(Пуцін: ) “Для мяне абсалютна відавочна, што гэтыя вынікі адлюстроўваюць рэальныя сымпатыі насельніцтва, тое, што думае народ Расеі, адлюстроўваюць рэаліі нашага палітычнага жыцьця”.
Назіральнікі ад АБСЭ, якія прысутнічалі на расейскіх выбарах, сёньня скрытыкавалі іх правядзеньне. Брус Джордж, старшыня парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, заявіў наступнае:
(Джордж: ) “Гэтыя выбары не адпавядалі шмат якім умовам АБСЭ і Рады Эўропы, а таксама іншым іміжнародным стандартам сапраўды дэмакратычных выбараў”.