У ПРАЕКЦЕ БЮДЖЭТУ НА 2004 ГОД ЗАКЛАДЗЕНАЕ ПАДВЫШЭНЬНЕ КОШТАЎ НА ЭНЭРГАНОСЬБІТЫ НА 20%

Уладзімер Глод, Менск

Праект бюджэту на 2004 год дэпутатам прадстаўляў міністар фінансаў Мікалай Корбут. Ён, апярэджваючы пытаньні дэпутатаў, заявіў:

(Корбут: ) “Цана, а больш дакладна выдаткі, якія зьвязаныя з цэнавым фактарам, падлічаныя, зыходзячы зь сярэдніх цэнаў, якія дзейнічаюць сёлета, з улікам інфляцыі. Інфляцыя ў нас – 14-19%. Мы ведаем, што Расея павялічыць цэны на газ на 20%. Былі меркаваньні, што Расея павялічыць цэны да 80 даляраў, але такога, я думаю, ня будзе, і мы гэты варыянт не лічылі. Хаця, як прагучала ў маёй справаздачы, у гэтым бюджэце ёсьць фінансавы рэзэрв – 101 мільярд рублёў”.

Спадар Корбут так і не адказаў, адкуль узяўся гэты рэзэрв – каля 50 мільёнаў даляраў. Аднак у перапынку некаторыя дэпутаты казалі, што гэта грошы, якія засталіся ад продажу акцыяў “Слаўнафты”.

Якімі будуць наступствы падвышэньня коштаў на энэрганосьбіты? Вось што лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка:

(Заіка: ) “Эфэкт, вядома, будзе нэгатыўны. Але разам з тым такі зьнешні удар адабьецца, у асноўным, на 30% прадпрыемстваў, на камунальнай гаспадарцы. Інфляцыйны эфэкт будзе невялікі: дзесьці на ўзроні 2-3% максымум”.

Тут самы раз дадаць, што сярэдняя цана на газ з улікам паставак “Газпраму” і камэрцыйных структураў сёлета пакуль складае 38 даляраў за тысячу кубамэтраў. Калі да гэтай сумы дадаць яшчэ 20%, то яна наблізіцца да 50 даляраў. Спадар Заіка лічыць, што сапраўдны крызыс пачнецца, калі кошт газу ўзрасьце да 80-90 даляраў.

Многія дэпутаты ня вераць у тое, што Расея абмяжуецца 20% падвышэньня цэнаў на энарганосьбіты. Але пры гэтым яны кажуць: “Калі ўрад у гэтым упэўнены, мы яго падтрымаем”. Магчыма, таму супраць прыняцьця бюджэту ў першым чытаньні прагаласавалі ўсяго два дэпутаты.