У ВІЦЕБСКУ АДСЬВЯТКАВАЛІ ЮБІЛЕЙ Л.ЛАГІНА — АЎТАРА ВЯДОМАЙ ДЗІЦЯЧАЙ КНІЖКІ “СТАРЫ ХАТАБЫЧ”

Браніслава Станкевіч, Віцебск

У конкурсе “Хатабыч у ХХІ стагодзьдзі” ўзялі ўдзел каля дзьвюх соцень дзяцей ды падлеткаў, і ўчора тры дзясяткі ягоных пераможцаў атрымалі прызы — кнігі, часопісы ды бясплатныя абанэмэнты ў Віцебскі краязнаўчы музэй.

Конкурс праводзіўся ў дзьвюх намінацыях — “Літаратура” і “Малюнак”. І, мяркуючы па творчых работах, вобраз “Старога Хатабыча” ня толькі не састарэў, але й пэўным чынам “мадэрнізаваўся”: юныя пісьменьнікі апісалі прыгоды чараўніка на дыскатэцы ды на “Славянскім базары”, а маленькія мастакі ўвасобілі яго ў часе працы за кампутарам, з мабільным тэлефонам і нават у беларускім нацыянальным строі. Між тым, кніга “Стары Хатабыч” упершыню была надрукаваная роўна 65 гадоў таму, у 1938 годзе.

Ніводзін іншы твор не прынёс пісьменьніку большай папулярнасьці, хаця Лазар Лагін напісаў потым яшчэ каля дзясятка фантастычных аповесьцяў, раманаў ды казак. Дачка Лагіна, якая даўно вядзе перапіску зь віцебскім музэем, тлумачыць гэта дзьвюма акалічнасьцямі: асабістай сьціпласьцю пісьменьніка ды ягоным габрэйскім паходжаньнем, якое было неадольнай перашкодаю на шляху да літаратурных вяршыняў за савецкім часам. Сапраўднае прозьвішча пісьменьніка — Гінзбург, а “Лагін” — гэта псэўданім, які атрымаўся ў выніку зьліцьця першых частак імя ды прозьвішча Лазар Гінзбург.

Увогуле лёс нібыта выпрабоўваў гэтага чалавека: то ён быў адданы камсамольскі лідэр ды працаваў на адказнай пасадзе ў газэце “Правда”, то быў абвешчаны “ворагам народу”. Ці ня штодня да яго прыходзілі з ордэрам на арышт, і ўратавала пісьменьніка хіба тое, што яго накіравалі тады ў далёкую творчую камандзіроўку на выспу Шпіцбэрген, дзе, дарэчы, і нарадзіўся сюжэт кнігі пра Старога Хатабыча, якая сталася сапраўдным дзіцячым бэстсэлерам.

Лёс іншых твораў Лагіна быў больш драматычны. Да прыкладу, у 1950-я гады за раман “Выспа расчараваньня” Лагіна абвесьцілі ляўрэатам Сталінскай прэміі, але праз колькі часу рашэньне адмянілі, прызнаўшы гэты твор “неадпаведным”. А ў 1971 годзе было забаронена нават здымаць мультфільмы на сцэнарах Лагіна, бо іх палічылі ідэйна шкоднымі ва ўмовах будаўніцтва сацыялізму.

Сям’я Гінзбургаў зьехала зь Віцебску ў Менск ў 1908 годзе, калі Лазару споўнілася 5 гадоў. З тае пары пісьменьнік пабываў у родным горадзе толькі аднойчы, у 1974 годзе, калі Віцебск сьвяткаваў тысячагадовы юбілей. Дом на вуліцы Падзьвінскай, дзе прайшло дзяцінства Лагіна, да цяперашняга часу не захаваўся, і на ягоным месцы цяпер невялікі сквэрык.

Яшчэ гадоў 15 таму загадчыца літаратурнага музэю Сьвятлана Казлова прапанавала паставіць у тым сквэры помнік — калі не самому Лагіну, дык хаця бы скульптуру ягонага самага вядомага героя — Хатабыча. Але пакуль на гэта не знайшлося сродкаў, і адкрыцьцё помніка заплянаванае на 2008 год.

Колькі прапановаў па ўшанаваньні памяці земляка было і ад віцебскай габрэйскай грамады: да прыкладу, рэдактар часопісу “Мішпаха” (у перакладзе — “Сям’я”) Аркадзь Шульман прапанаваў у сквэры на месцы дома пісьменьніка паставіць арэлі ды іншыя атракцыёны, а дзіцячую кавярню “Сонейка” перайменаваць у кавярню “Стары Хатабыч”. Але водгукаў на гэтыя прапановы ад гарадзкіх уладаў няма, як ніводнага прадстаўніка ад іх не было і на ўчорашнім сьвяце. Так што вялікім тортам з надпісам “З днём народзінаў, Стары Хатабыч!” віцебскія дзеткі частаваліся проста ў літаратурным музэі.