БАБРУЙСКІЯ ІНВАЛІДЫ-КАЛЯСАЧНІКІ АДМОВІЛІСЯ АД АЦЯПЛЕНЬНЯ ОФІСУ З ПРЫЧЫНЫ БЕЗГРАШОЎЯ

Марыя Ўсьціновіч, Бабруйск

Бабруйскія інваліды-калясачнікі адмовіліся ад ацяпленьня свайго офіснага памяшканьня, бо ў іх няма грошай, каб за яго плаціць. Гэтая арганізацыя існуе толькі на складкі сваіх сябраў, і фінансаў ледзь хапае на тое, каб заплаціць за арэнду. Тлумачыць кіраўнік арганізацыі Генадзь Махлаеў.

(Махлаеў: ) “Раней мы плацілі толькі за ацяпленьне, арэнда была бясплатная. А сёлета, згодна з новым указам Лукашэнкі, бясплатную арэнду скасавалі. У нас атрымалася, што сродкаў не хапае. Таму мы адключыліся ад ацяпленьня”.

Генадзь Махлаеў падкрэслівае, што арганізацыя інвалідаў-калясачнікаў ня скардзіцца на ўлады і нават супрацоўнічае з гарвыканкамам, які два гады таму падараваў інвалідам кампутар. Аднак зараз па дапамогу да гарадзкой “вэртыкалі” яны не зьвярталіся.

Таму што некалькі месяцаў таму на просьбу дапамагчы ў аплаце арэнды (а гэта 55 тысячаў рублёў штомесяц) у Бабруйскім гарвыканкаме растлумачылі, што лішніх грошай у бюджэце няма. Цяпер інваліды-калясачнікі мяркуюць, дзе і як ім зарабіць грошы на ўтрыманьне свайго памяшканьня.

У суседняй арганізацыі – Бабруйскім таварыстве інвалідаў – грошы на арэнду і камунальныя паслугі просяць у прадпрымальнікаў. З уладамі ж, гаворыць кіраўнік таварыства Аляксандар Стральцоў, за кожную дробязь выпадае змагацца.

(Стральцоў: ) “Інваліды па-за рысай. Такога паняцьця як інваліды ў дзяржавы, напэўна, няма, у яе ўсе здаровыя. Інвалід у іх як адкід грамадзтва. На збочыну кінулі, ды і ўсё”.

Грашовыя праблемы маюць арганізацыі інвалідаў ня толькі у Бабруйску. Напрыклад, Круглянскае таварыства інвалідаў зараз туліцца ў малым пакоі без тэлефоннай сувязі, зачынілася крама, дзе працавалі інваліды, распаліся гурткі. Гаворыць Аляксандар Стральцоў.

(Стральцоў: ) “Усе маюць цяжкасьці ў аплаце арэнды і ацяпленьня. Наколькі я ведаю, ў Магілёўскай вобласьці ва ўсіх ёсьць запазычанасьць. Аднак мы проста не зьвяртаем увагі, робім сваю справу, дапамагаем людзям”.

У бабруйскіх аб’яднаньнях інвалідаў гавораць, што, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, яны адзначаюць свой міжнародны дзень з аптымістычным настроем. Сёньня ў Бабруйску адчынілі дзверы для інвалідаў музэй і мастацкая заля, арганізуюцца канцэрт, спартовыя турніры і вечарыны. Аляксандар Стральцоў зьвяртаецца да ўсіх сваіх калегаў.

(Стральцоў: ) “Будзьма трымацца, будзьма працаваць, як бы нас жыцьцё не біла і крута не абыходзілася. Людзі павінны заставацца людзьмі. Давайце працаваць і дапамагаць людзям”.