УЛАДЗІМЕР ЦІМАШЭВІЧ: “БЕЛАРУСЬ І БЕЛАРУСЫ МАЮЦЬ ПРАВА НА ПРЫСУТНАСЬЦЬ У АГУЛЬНАЙ ЭЎРАПЕЙСКАЙ СЯМ’І”

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

(Цімашэвіч: ) “Беларусь – наш сусед, і з гэтага вынікаюць пэўныя рэчы. Мы хочам, каб дачыненьні паміж нашымі краінамі і нашымі народамі разьвіваліся як мага лепш. Праблема палягае перадусім у тым, што мы падзяляем, і гэта добра вядома, крытычную ацэнку міжнароднай супольснасьцю палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Гэтую ацэнку фармулююць дэмакратычныя дзяржавы ды шматлікія аўтарытэтныя арганізацыі і асобы. З гэтага вынікае зразумелае нежаданьне Польшчы і іншых краінаў і палітыкаў рабіць нешта, што б магло быць расцэненае як спроба пагадзіцца з парушэньнямі дэмакратычных стандартаў і правоў чалавека, якія, на жаль, былі і ёсьць у Беларусі.

Усе ведаюць пра выпадкі абмежаваньня ці ўвогуле адсутнасьці свабоды слова, закрыцьця незалежных газэтаў, рэпрэсіяў супраць журналістаў. Над Беларусьсю надалей вісіць цяжар нявысьветленых лёсаў зьніклых апазыцыйных палітыкаў. Усё гэта, нажаль, вельмі перашкаджае поўнай нармалізацыі палітычных дачыненьняў паміж Польшчай і Беларусьсю.

Тым ня менш, крытычныя ацэнкі на адрас некаторых палітычных дзеячоў ня мусяць у пэрспэктыве спрычыняцца да наступстваў, ад якіх могуць пацярпець звычайныя людзі. Менавіта гэтым тлумачыцца нашая адкрытасьць у дачыненьнях зь Беларусьсю. Мы хочам, каб беларусы і палякі заставаліся сябрамі і добрымі суседзямі, каб добра разумелі адно аднаго. Для гэтага патрэбны культурны абмен, падтрымка нацыянальных меншасьцяў у абедзьвюх краінах, актыўныя кантакты паміж лякальнымі ўладамі, якія займаюцца не палітычнымі справамі, але перадусім штодзённымі патрэбамі людзей.

Сёлета сапраўды адбыліся некалькі польска-беларускіх сустрэчаў на даволі высокім узроўні. Але гэтыя сустрэчы ніколі ня мелі цалкам пратакольнага ці афіцыйнага характару”.

У інтэрвію для нашага радыё міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімер Цімашэвіч адзначыў таксама, што Польшча і надалей гатовая абнізіць кошты сваіх візаў для беларусаў нават удвая.

(Цімашэвіч: ) “Мы ад самога пачатку прапаноўвалі нашым усходнім суседзям гэтак званую ўкраінскую мадэль – нашыя грамадзяне едуць на ўсход бязь візаў, а польскія візы для нашых усходніх суседзяў мы выдаем бясплатна. Мы былі гатовыя запрапанаваць бясплатныя візы, бо разумеем, што заплаціць нават некалькі эўра для жыхароў Беларусі, Расеі ці Ўкраіны – гэта значны выдатак. Украіна на гэта пагадзілася, і цяпер няма ніякіх праблемаў. Калі Расея і Беларусь паведамілі нам, што аднак, хочуць увесьці візы для палякаў, мы запрапанавалі, каб гэтыя візы каштавалі як мага менш. Каб кошт візы пакрываў толькі консульскія выдаткі і не прыносіў ніякага прыбытку ніводнай з дзяржаваў. У выніку доўгіх перамоваў мы змаглі дасягнуць даволі нізкага ўзроўню коштаў візаў, але і надалей яны каштуюць значна больш, чым мы хацелі б.

Што да аднаразовых візаў, дык яны могуць каштаваць напэўна менш, чым 10 эўра. Браць за шматразовую візу некалькі дзясяткаў эўра – гэта значыць папросту папаўняць дзяржаўны бюджэт. Мы ня хочам зарабляць на візах, але тут павінен дзейнічаць прынцып узаемнасьці. Менск добра ведае нашую пазыцыю ў гэтай справе ўжо даўно – ад самога пачатку. Калі беларускі бок хоча афіцыйна атрымаць нашыя прапановы яшчэ раз, дык мы можам зрабіць гэта ў любы момант. Але ня ў гэтым, насамрэч, справа. Справа ў палітычнай волі, неабходнай для вырашэньня гэтага пытаньня”.

Кіраўнік польскага МЗС адказаў і на пытаньне, ці можна лічыць актывізацыю полська-беларускіх дачыненьняў крокам да прызнаньня Варшавай палітычнай сытуацыі, што існуе цяпер у Беларусі:

(Цімашэвіч: ) “Не, канечне не. Апошнім часам нашыя прэм’еры бачыліся двойчы. Некалькі тыдняў таму кіраўнік польскага ўраду Лешэк Мілер паехаў у беларускае Леніна, каб ушанаваць памяць нашых жаўнераў, што загінулі там 60 гадоў таму. Гэта цалкам натуральна і ня мае ніякай сувязі з палітыкай. Там спатканьне прэм’ераў ня мела афіцыйнага характару. У сваю чаргу, апошні візыт выконваючага абавязкі прэм’ера Беларусі Сяргея Сідорскага ў Варшаву адбыўся ў межах саміту кіраўнікоў урадаў краінаў цэнтральна-эўрапейскай ініцыятывы, у якім бралі ўдзел 17 прэм’ераў. У часе гэтага мерапрыемства Лешэк Мілер сустракаўся з усімі сваімі гасьцямі. Мілер і Сідорскі размаўлялі перадусім пра эканамічнае супрацоўніцтва нашых краінаў”.

Паводле польскага міністра замежных справаў, актывізацыя польска-беларускіх дачыненьняў зьвязаная таксама з будучым далучэньнем Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу.

(Цімшэвіч: ) “Як вядома, уступаючы ў Эўрапейскі Зьвяз, Польшча мусіць узяць на сябе пэўныя абавязкі. Прыкладам, увядзеньне візаў для ўсходніх суседзяў, ці спыненьне дзеяньня старых дамоваў аб гандлі, якія супярэчаць стандартам Эўразьвязу. Натуральна, што ў такой сытуацыі патрэбны больш інтэнсіўны дыялёг. Увогуле Польшча шчыра зацікаўленая ў добрай будучыні Беларусі. Мы ў Эўразьвязе напэўна будзем у значнай ступені адказныя за ўсходнюю палітыку эўрапейскай супольнасьці. У сувязі з гэтым, увесь час мы нагадваем нашым партнэрам у Брусэлі, што на Беларусь ня варта махаць рукой, але трэба даць ёй шанец на сяброўства ў Аб’яднанай Эўропе ў будучыні. З аднаго боку, мы са смуткам сьцьвярджаем, што беларускія ўлады пакуль абралі шлях на адмежаваньне ад вялікай часткі Эўропы. Але гэта не зьмяняе нашага глыбокага перакананьня, што Беларусь і беларусы маюць аднолькавае зь іншымі эўрапейскімі народамі права на прысутнасьць у агульнай эўрапейскай сям’і. Мы перакананыя, што цяжкія часы калісьці скончацца, і таму варта думаць і пра гэтую веру ў лепшую будучыню”.

Міністар замежных справаў Польшчы закрануў і пытаньне магчымага ўвядзеньня бясплатных візаў для жыхароў памежных рэгіёнаў Польшчы і Беларусі.

(Цімашэвіч: ) “Праект увядзеньня бясплатных візаў для жыхароў памежных рэгіёнаў разглядаецца ўжо цягам пэўнага часу Эўрапейскай камісіяй у Брусэлі. Ад пачатку мы актыўна падтрымліваем гэтую ідэю. Мне цяжка сказаць, калі Эўрапейская камісія падрыхтуе нейкае рашэньне ў гэтай справе, але месяц таму, у часе паседжаньня міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу, было цьвёрда адзначана, што Эўракамісія мусіць выступіць з такой прапановай як мага хутчэй.

Тут гаворка йдзе пра значныя спрашчэньні ў перасячэньні усходняй мяжы Эўразьвязу для жыхароў памежжа. Пры гэтым цяпер яшчэ не вядома, ці гэта будзе 50-кілямэтровая паласа, ці нават больш вялікая. Але гэта залежыць менавіта ад Эўрапейскай камісіі”.