АКТЫВІСТЫ АПАЗЫЦЫІ БУДУЦЬ ШТОВЕЧАР СТАЯЦЬ СА СЬВЕЧКАМІ КАЛЯ СПЭЦПРЫЁМНІКУ НА ВУЛІЦЫ АКРЭСЬЦІНА

Альгерд Невяроўскі, Менск

Гэтую акцыю ладзяць актывісты Маладога Фронту, Партыі свабоды і беспартыйныя грамадзяне. Вось як патлумачыў яе мэту Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) “Спадар Фінкевіч атрымаў 30 сутак толькі за тое, што ён распаўсюджваў інфармацыю. Абсалютна абуральна, што чалавека за распаўсюд інфармацыі на 30 сутак кідаюць у тыя ўмовы, у якіх людзей наогул нельга ўтрымліваць. Гэта небясьпечна не для Маладога Фронту, гэта небясьпечна не для Фінкевіча, гэта небясьпечна ў першую чаргу для самога беларускага грамадзтва. Бо на месцы Фінкевіча можа быць любы. Таму сёньня ў 18 гадзінаў людзі пойдуць і стануць са сьвечкамі каля Акрэсьціна на знак салідарнасьці й падтрымкі са спадарамі Фінкевічам, Дашкевічам і Парфянковым. Няважна, колькі людзей прыйдзе сёньня да сьценаў Акрэсьціна. Проста людзі, якія будуць трымаць сёньня сьвечкі, пакажуць, што ёсьць сьвятло, ёсьць шлях для Беларусі й ёсьць яшчэ людзі, якія разумеюць, што ў гэтай краіне ёсьць людзі, якія супраць свавольства”.

Акцыі са сьвечкамі каля спэцпрыёмніку будуць праходзіць штовечар да таго часу, пакуль усе зьняволеныя апазыцыянэры ня выйдуць на свабоду.

Артур Фінкевіч быў асуджаны на 15 сутак яшчэ 13 лістапада за распаўсюд улётак з заклікам узяць удзел у антырэфэрэндумнай вулічнай акцыі пратэсту. Але ў дзень вызваленьня Артура завезьлі ў суд, дзе ён быў пакараны чарговым 15-сутачным арыштам ужо за заклік да несанкцыянаванай акцыі. Такім чынам спадар Фінкевіч быў пакараны двойчы за адно й тое ж. 8 сьнежня ён сустрэне ў камэры сваё 19-годзьдзе. Зьміцер Дашкевіч і Васіль Парфянкоў атрымалі па 15 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту 24 лістапада.

Гаворыць сакратарка ўправы Маладога Фронту Вольга Куўшынава:

(Куўшынава: ) “Гэта вахта са сьвечкамі. Сьвечкі ёсьць сымбалем сьвятла й свабоды. Гэтым мы хочам засяродзіць увагу грамадзтва на тым, што адбываецца. На тым, што за памкненьні да дэмакратыі моладзь саджаюць і паступаюць зь ёй вельмі жорстка. Гэтым мы хочам прадэманстраваць сябрам нашых арганізацыяў, што мы на іх не забыліся”.

Актвісты Маладога Фронту і Партыі свабоды таксама пастаянна перадаюць сваім зьняволеным сябрам ежу, цёплыя рэчы і газэты. Яны ўжо знайшлі адвакатаў, каб абскардзіць несправядлівае рашэньне суду найперш у справе Артура Фінкевіча.