“СЯБРЫ”: ЦЯПЕР І ТРЫЦЦАЦЬ ГОД ТАМУ

Ігар Карней, Менск

Афіцыйнай датай нараджэньня вакальна-інструмэнтальнага ансамблю Гомельскай абласной філярмоніі лічыцца 1974 год. Аднак сабраліся музыкі разам і нават загралі на год раней. Анатоль Ярмоленка згадвае, што позьняй восеньню 1973 году ён запрасіў на свой дзень нараджэньня аднадумцаў. Паколькі за сталом сядзелі толькі сябры, то ад таго часу нефармальна і пачала хадзіць назва будучага філярманічнага калектыву — ВІА “Сябры”. Пытаюся ў спадара Ярмоленкі, ці задаволены ён тым, як склалася ягоная творчая біяграфія?

(Ярмоленка: ) “Ну як, задаволены? Хіба можна быць задаволеным у наш час? Нешта атрымліваецца, і дзякуй Богу. Тое, што ёсьць, тое і маем, і трэба гэтым карыстацца. Я пад нагоду вырашыў вось правесьці канцэрт у Менску, а потым яшчэ зь юбілейнай праграмай паехаць па Расеі, Украіне...”

(Карэспандэнт: ) “Ці сапраўды “Сябры” ў Беларусі ці не адзіны эстрадны калектыў, які цягам 30 гадоў не перажыў вялікіх рэвалюцыяў?”

(Ярмоленка: ) “Канечне. Мы не дзяліліся, не разыходзіліся, існавалі нібыта без асаблівых узрушэньняў. Адзіная каманда, якая працавала і засталася хай сабе і не ў першапачатковым выглядзе (толькі двое засталіся з тых, хто колісь пачынаў), але без разборак паміж сабой”.

Шмат хто таксама лічыць, што “Сябры” за доўгі час не заплямілі свайго брэнду ні публічнымі, ні асабовымі скандаламі. Прадстаўнікі маладога пакаленьня музыкаў таксама ставяцца да вэтэранаў сцэны з павагай. Гаворыць лідэр фолк-гурту “Палац” Алег Хаменка:

(Хаменка: ) “Усе гісторыі вакол “Песьняроў” ды іншых — гэта страшна. А Ярмоленка робіць менавіта тое, што і трэба рабіць дзеля таго, каб калектыў працягваў існаваць. Песьні, якія яны сьпяваюць, напэўна ж, камусьці падабаюцца. Іхная аўдыторыя — сталыя людзі, якія прызвычаіліся да музыкі “Сяброў”. На іхных канцэртах заўсёды шмат народу. І 30 гадоў — гэта ўжо значная рэч. Да таго ж, столькі цяжкасьцяў было ў “Сяброў” апошнія 10 год — і ў творчасьці, і ў іншых справах. Але ж яны жывыя — усё ціхенька, нармалёвенька, усё працуе. Яны засталіся ў нармалёвым выглядзе. У такіх складаных умовах, у якіх знаходзяцца ў Беларусі артысты, Ярмоленка — самы моцны, самы знакаміты і самы талерантны”.

А вось кампазытар Эдуард Ханок, у супрацоўніцтве зь якім “Сябры” стварылі адзін з найвялікшых сваіх гітоў “А я лягу-прылягу”, да апошніх гадоў творчасьці ансамблю ставіцца крытычна:

(Ханок: ) “Шэраг маіх песьняў яны ў свой час сьпявалі, якія былі вылучаныя на прэмію беларускага камсамолу... “Сябрам” гэтую прэмію далі, а мне — не. Таму крыўдна. Да таго ж, я цяпер жыву ў Маскве, і справы ідуць так добра, што “Сябры” для мяне — гэта нешта далёкае і малацікавае. Я перажыў гэты пэрыяд, і ён для мяне сумны. У мяне ўжо іншыя песьні, а “Сябры” — гэта старая музыка, нецікавая абсалютна нікому, асабліва ў Маскве. Масква — квітнеючы горад і ў шоў-бізнэсе, і ў чым заўгодна. Таму ўсе таленавітыя беларусы, якія зьехалі сюды, жывуць і квітнеюць таксама. І я пачынаю ўздымацца і спадзяюся, што ў наступным годзе буду вельмі заўважны на небасхіле”.

Сам Анатоль Ярмоленка з разуменьнем ставіцца да розных поглядаў на сваю творчасьць. Але не зьбіраецца цурацца таго, чым займаецца ў музыцы ўжо тры дзесяцігодзьдзі.