Папярэдні прылёт Барыса Нямцова ў Менск ў кастрычніку мінулага году скончыўся затрыманьнем і дэпартацыяй — беларускі КГБ абвінаваціў яго ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы краіны, спробе прывезьці 50 тысяч даляраў для беларускай апазыцыі. Барыс Нямцоў тады быў прызнаны пэрсонай нон грата тэрмінам на пяць гадоў, але абяцаў вярнуцца ў Беларусь.
Гэтым разам Барыс Нямцоў з калегамі-дэпутатамі з фракцыі Саюз правых сілаў прыляцеў у Гомель, а адтуль у Менск прыбыў на турыстычным аўтобусе, як ён жартам сказаў, празь лясныя і вясковыя дарогі, якія не кантралююцца беларускім КГБ. Зь ім былі іншыя дэпутаты ад СПС і журналіст Павал Шарамет. Расейскія госьці прывезьлі з сабой частку накладу кнігі Паўла Шарамета і Сьвятланы Калінкінай “Выпадковы прэзыдэнт”, каб правесьці яе прэзэнтацыю сярод беларускіх палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў, праваабаронцаў, замежных дыпляматаў, якія сабраліся ў комплексе “Журавінка” ў Менску. Павал Шарамет зазначыў, што спадар Нямцоў быў натхняльнікам стварэньня кнігі пра кіраваньне А.Лукашэнкі.
Гэтая кніга мае значэньне ня толькі для Беларусі, але і для Расеі — зазначыў спадар Нямцоў, бо тэндэнцыі да згортваньня свабоды слова, зьнішчэньня незалежнага правасудзьдзя, маніпуляцыі грамадзкай думкай і бяспраўя падчас перадвыбарчай кампаніі сталіся рэальнасьцю і ў Расеі.
(Нямцоў: ) “Мы бы вельмі не хацелі, каб Расея паўтарыла шлях Беларусі ў частцы, што датычыць абароны грамадзянскіх вольнасьцяў, падаўленьня свабоды друку і апазыцыі”.
Вельмі адкрыта Барыс Нямцоў выказаўся і пра лёс інтэграцыі Расеі і Беларусі пры Лукашэнку, назваўшы яе контарпрадуктыўнай, паколькі ўся дыскусія паміж Менскам і Масквой на гэты конт пераўтватраецца ў фарс, а Лукашэнка ня выканаў ніводнага абавязацельства.
(Нямцоў: ) “Я, шчыра кажучы, зьдзіўлены, чаму Крэмль настолькі недальнабачна ацэньвае дзейнасьць беларускага кіраўніцтва, і я ўпэўнены, што яно ніводнага абавязацельства ня выканае”.
Барыс Нямцоў зазначыў, што Расеі трэба весьці дыялёг не з чалавекам, які “мае дыктатарскія амбіцыі”, а зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю і партыямі, якія знаходзяцца ў апазыцыі, але рана ці позна перамогуць.
(Нямцоў: ) “У Крамлі таксама ўжо ўзьнікла разуменьне таго, што што рабіць стаўку на прэзыдэнта Беларусі, які сыходзіць, гэта вельмі недальнабачная пазыцыя, так можна згубіць сябра-суседа”.