“Можаце не сумнявацца, супастат ня пройдзе!” – гэтак прэсавы сакратар Міністэрства абароны Леанід Захаранка адказаў на маю просьбу пракамэнтаваць для Радыё Свабода тое, што літоўскаму лётчыку, чые парэшткі былі знойдзеныя ў Гарадзенскай вобласьці, усё ж удалося перасекчы паветраную мяжу паміж Беларусьсю і Літвой. Свой аптымізм падпалкоўнік Захаранка патлумачыў тым, што літоўскі самалёт праляцеў над Беларусьсю ўсяго 7 кіламетраў, прычым, па траекторыі, якая зьніжалася.
(Захаранка:) “Самалёт падаў, над Беларусьсю ён ляцеў усяго дзьве хвіліны. Уявіце, што за гэты час вы ўбачылі яго на радары, але пакуль дакладвалі кіраўніцтву, цэль раптам зьнікла. Што далей? І ўвогуле, гэта цывільны самалёт і да нас ён ня мае ніякага дачыненьня, таму казаць пра нейкую паразу – гэта несур’ёзна”.
Пры гэтым Леанід Захаранка канчаткова не прызнаў, што літоўскі самалёт падчас пералёту над мяжой усё ж быў заўважаны, але потым нібыта беларускім сродкам СПА была дадзеная каманда “адмена трывогі”. Захаранка спаслаўся на тое, што расьсьледаваньне абставінаў гібелі самалёта яшчэ вядзецца і ён ня мае права агалошваць ужо вядомыя зьвесткі.
Прадстаўнік міністэрства абароны заўважыў, што літоўскі бок не праінфармаваў беларусаў пра падлёт да мяжы літоўскага самалёта, і потым зьніклы самалёт не шукалі. На думку Леаніда Захаранкі, гэта сьведчыць пра тое, што літоўскія паветраныя службы ня справіліся са сваёй задачай. А вось беларускія вайскоўцы, запэўніў Леанід Захаранка, далёка невядомую цэль не прапусцілі б. У тым ліку і тую, якая ляціць на нізкай вышыні.
(Захаранка:) “Будзь пэўны, што супастат ня пройдзе!”.
Нагадаем, у 1995 годзе беларускі вайсковы самалёт зьбіў паветраны шар, на якім два амэрыканцы спрабавалі перасекчы Эўропу з захаду на ўсход і памылкова заляцелі ў паветраную прастору Беларусі. Лётчык расстраляў шар быццам пасьля таго, як ягоныя пасажыры не адказалі на сыгналы з самалёта. У выніку абодва амэрыканскія падарожнікі загінулі, а беларускія афіцыйныя крыніцы заявілі, што тыя памерлі ад перападу паветранага ціску значна раней за атаку.
З тых часоў у Беларусі не было зафіксавана несанкцыянаванага парушэньня паветраных межаў вайсковымі самалётамі. Але што да цывільных самалётаў, якія лётаюць на нізкай вышыні, становішча можа быць іншым. Паводле цывільнага лётчыка Сяргея М., на нізкай вышыні магчыма перасекчы мяжу і не прыцягнуць увагу вайскоўцаў, калі ненашмат паглыбляцца на тэрыторыю Беларусі. Таму Сяргей не выключае, што гэтак на захад за немалыя грошы перапраўляюць нелегалаў альбо наркотыкі.
Дарэчы, паводле зьвестак, знойдзены літоўскі самалёт меў прыстасаваньне для бясшумнага палёту. Гэта, на думку адмыслоўцаў, таксама сьведчыць пра тое, што нелегальныя палёты празь беларускую мяжу магчымыя і яны выконваюцца.