МАЛАДЫ ФРОНТ ПАДТРЫМАЎ МАЛДАЎСКУЮ АПАЗЫЦЫЮ

Альгерд Невяроўскі, Менск

У дазволеным менскімі гарадзкімі ўладамі пікеце на плошчы Бангалор удзельнічала дванаццаць маладафронтаўцаў. Пікетоўцы трымалі сьцяг Эўрапейскага зьвязу, а таксама плякаты з надпісамі “Free Moldova”, “Не — камунізму ў Малдове”, “Падтрымаем хрысьціянскіх дэмакратаў”, “Малады Фронт + Хрысьціянскія дэмакраты Малдовы = салідарнасьць”.

Арганізатар акцыі, намесьнік старшыні Маладога Фронту Сяргей Лісічонак сказаў, што сёньня ў Кішынэве праходзяць вулічныя акцыі апазыцыі, якая выступае супраць расейскага пляну фэдэралізацыі Малдовы, што можа прывесьці да страты сувэрэнітэту гэтай краіны. Малады Фронт падтрымлівае барацьбу малдаўскіх апазыцыянэраў, якія хочуць прывесьці сваю краіну ў Эўразьвяз і дамагаюцца адстаўкі камуністычнага прэзыдэнта Вароніна. Паводле спадара Лісічонка, маладафронтаўцы ўжо даўно супрацоўнічаюць з Хрысьціянска-дэмакратычнай партыяй Малдовы — арганізатарам гэтых вулічных акцыяў. Сваім пікетам маладафронтаўцы хочуць прадэманстраваць і беларускаму грамадзтву, што дамагчыся зьменаў у Беларусі можна толькі салідарна, як гэта зрабілі дэмакраты Грузіі і цяпер робяць дэмакраты Малдовы.

У панядзелак маладафронтаўцы перададуць адмысловыя звароты ў амбасады Малдовы і Расеі ў Менску. Яны пратэстуюць супраць расейскага ўмяшаньня ў справы Малдовы, а таксама выказваюць сваю салідарнасьць з малдаўскай апазыцыяй.