РАДЫЁ СВАБОДА/РАДЫЁ СВАБОДНАЯ ЭЎРОПА РЫХТУЕЦЦА ДА КАНЦА ГЭТАГА ГОДУ СПЫНІЦЬ ВЯШЧАНЬНЕ НА СЯМІ МОВАХ КРАІНАЎ ЦЭНТРАЛЬНАЙ І ПАЎДЗЁННА-ЎСХОДНЯЙ ЭЎРОПЫ

Ул. інф.

Рэдакцыі, якія ажыцьцяўляюць вяшчаньне на Латвію, Літву, Эстонію, Славаччыну, Румынію, Баўгарыю і Харватыю, будуць зачыненыя 31 сьнежня сёлета. Томас Дайн сярод іншага зазначыў, што ”за апошнія шэсьць гадоў радыё значна пашырыла дзейнасьць у Эўразіі і Паўдзённа-Заходняй Азіі і што цяпер настаў час глыбей засяродзіцца на гэтых неспакойных рэгіёнах”.

”З глыбокім шкадаваньнем мы мусім разьвітацца з высокапрафэсійнымі і адданымі сваёй справе калегамі, чые праграмы слухае рэкордна шырокая аўдыторыя”, - сказаў прэзыдэнт Томас Дайн.

Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа вяшчае больш чым 1100 гадзінаў на тыдзень на 34 мовах, у тым ліку на 19 краінаў зь пераважна мусульманскім насельніцтвам. У Эўропе вяшчаньне працягваецца на Сэрбію, Косава, Чарнагорыю, Босьнію, Македонію, Беларусь, Малдову і Ўкраіну. Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа – прыватная міжнародная камунікацыйная служба, якая вяшчае на краіны Цэнтральнай, Усходняй і Паўдзённа-Ўсходняй Эўропы, Каўказу, Цэнтральнай і Паўдзённа-Заходняй Азіі. Яе дзейнасьць фінансуецца Кангрэсам Злучаных Штатаў.