На адмысловай нарадзе, прысьвечанай працы дзяржаўных каналаў тэлебачаньня БТ, АНТ і СТБ Аляксандар Лукашэнка не хаваў сваёй незадаволенасьці іх працай. Асабліва шмат нараканьняў было на адрас Першага нацыянальнага тэлеканалу. Аднак да адстаўкі яго кіраўніка Ягора Рыбакова пакуль не дайшло, хаця многія назіральнікі прагназуюць, што рэформы спадара Рыбакова на БТ скончацца менавіта гэтым.
У прыватнасьці, А.Лукашэнка заявіў, што на Беларускім тэлебачаньні шмат безгустоўных матэрыялаў, прымітыўнага капіяваньня замежных аналягаў, выпадковага падбору інфармацыі, мала аналітычных, глыбокіх і цікавых праграмаў. Аднак не задаволены ён ня столькі нізкай якасьцю перадачаў тэлеканалаў, колькі іх слабым ідэалягічным уплывам на аўдыторыю. Спадар Лукашэнка абураецца, што беларускія тэлеканалы “бяззубыя, часьцяком ня здольныя даць дастойны адпор тэндэнцыйным павучаньням з Захаду і Ўсходу, што ім не хапае наступальнасьці, і ў выніку ў людзей складваецца меркаваньне, што ў Беларусі няма дакладна вызначанай дзяржаўнай палітыкі”. Аляксандар Лукашэнка загадаў:
(Лукашэнка: ) “ Зрабіць тэлебачаньне сапраўдным сувязным зьвяном паміж уладай і народам — вашая першаступенная задача. Беларускае нацыянальнае тэлебачаньне павінна стаць гаспадаром на тэлеэкранах сваёй краіны. Гэтую працу трэба выконваць сыстэмна, з улікам важнасьці пашырэньня глядацкай аўдыторыі нашых тэлеканалў і існоўнай жорсткай канкурэнцыі ў інфармацыйнай сфэры”.
Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што гэта патрэбна ў сувязі з хуткімі палітычнымі кампаніямі, у прыватнасьці, выбарамі ў Нацыянальны сход, якія адбудуцца ў наступным годзе. “У многім ад рэалізаванай телерадыёвяшчальнай палітыкі будзе залежаць, хто зойме месцы ў заканадаўчым органе краіны”, — заявіў ён. У сувязі з гэтым А.Лукашэнка загадаў вызначыць парадак фармаваньня дзяржзаказу на вытворчасьць грамадзка-палітычных тэлепраграмаў, які будзе вызначацца ўрадам і Мінінфармацыі.
Гэта штосьці новае ў творчым працэсе, — лічыць вядомы беларускі тэлежурналіст Леанід Міндлін:
(Міндлін: ) “Што такое дзяржзаказ, чым ён адрозьніваецца ад таго, што існуе цяпер? Я ведаю, існуе такая традыцыя ў кіно, на нейкія фільмы дзяржава выдае нейкія сродкі — ну, напрыклад, “Настасься Слуцкая”. На тэлебачаньні я ня ведаю аналягу. Можа, на Кубе ці ў Лібіі такое існуе”.
Леанід Міндлін не пагаджаецца з А.Лукашэнкам, што БТ бракуе наступальнасьці:
(Міндлін: ) “Я лічу, што цяпер Беларускае тэлебачаньне, яго палітычаня частка, яна вельмі агрэсіўная і наступальная. Якраз усё гэта нагадвае псыхалягічную вайну, якая вядзецца супраць апазыцыі, супраць нейкай часткі грамадзтва”.
Вядомы тэлежурналіст Леанід Міндлін кажа, што ўсе гэтыя намаганьні не дапамогуць беларускім каналам сур’ёзна канкураваць за ўвагу беларускага гледача, хіба што толькі нецывілізаваным шляхам адключэньня канкурэнтаў, як гэта адбылося зь вяшчаньнем тэлеканалу “Культура” на тэрыторыі Беларусі.