ПАД СЬЛЕДЗТВА ТРАПІЛІ КІРАЎНІКІ АДДЗЕЛАЎ СУПРАЦЬДЗЕЯНЬНЯ НЕЗАКОННАМУ АБАРОТУ НАРКОТЫКАЎ

Любоў Лунёва, Менск

Летась і сёлета праваахоўчыя органы прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці пяцёх кіраўнікоў аддзелаў па барацьбе зь незаконным абаротам наркотыкаў. Дзьве апошнія крымінальныя справы распачалі супраць кіраўнікоў аддзелаў Маскоўскага і Цэнтральнага раёнаў Менску. Адмысловыя аддзелы ў справе барацьбы з наркотыкамі і злачынствамі ў сфэры маральнасьці стварылі сем гадоў таму. У гарадзкім упраўленьні і ў раённых аддзелах працуюць толькі старшыя афіцэры. Створаная служба мае шырокія паўнамоцтвы. Але, нягледзячы на гэта, распаўсюд наркотыкаў у Беларусі пашыраецца. Супрацоўнікі міліцыі падзяляюць Менск на раёны спажыўцоў наркотыкаў і на раёны, дзе жывуць наркадылеры, напрыклад, Паўночны пасёлак у Заводзкім раёне.

Наркабізнэс — самая прыбытковая галіна крымінальнага бізнэсу. Тое, што да крымінальнай адказнасьці прыцягнулі саміх кіраўнікоў аддзелаў, якія павінны былі змагацца з распаўсюднікамі наркотыкаў, на думку былога супрацоўніка КГБ Сяргея Аніські, ёсьць сьведчаньнем карупцыі ў праваахоўчай сыстэме.

(Аніська: ) “Размова ідзе пра начальнікаў высокага рангу. Таму трэба задумацца: “А чаму яны пайшлі на гэтае злачынства?” А ўсё проста. Міліцыянты цяпер на галодным пайку, у іх малыя заробкі. Наркотыкі вельмі дарагія, і ўзьнікае спакуса атрымаць сваю долю. Затрымліваюць якога-небудзь буйнога наркадылера (дробных яны, зразумела, садзяць за краты) і глядзяць, ці можна зь ім дамовіцца. Не сакрэт, што робяць ім “дах” і маюць сваю долю ў гэтым бізнэсе.

Я ня думаю, што міліцыянты будуць усур’ёз займацца наркабізнэсам, бо там дзейнічаюць жорсткія законы. Калі там нехта “кідае” партнэраў, то яго забіваюць. А нашы міліцыянты — “кідалы”. Сёлета проста нейкі выбух наркотыкаў, асабліва “экстазы”. Чаму ніхто ня піша, што адбываецца ў начных клюбах? А ў тым, што затрымалі кіраўнікоў аддзелаў барацьбы з абаротам наркотыкаў, я думаю, адыгралі сваю ролю гандляры наркотыкамі. Відаць, тыя іх ужо “дасталі”, апэтыты занадта вырасьлі. Для тых, хто прыйдзе на іх месца, гэта будзе ўрокам. Але ўрокам часовым”.

Сяргей Аніська як меру супрацьдзеяньня карупцыі ў галіне барацьбы зь незаконным абаротам наркотыкаў згадаў такую практыку савецкага часу як ратацыя кадраў. Раней кіраўнікі на такіх пасадах працавалі ня больш за два-тры гады. На ягоную думку, вяртаньне да гэтай практыкі ў цяперашніх умовах малаверагоднае, бо чыноўніку, якога перавялі служыць у іншы горад, трэба даваць кватэру. А ў дзяржавы няма такіх сродкаў.