АПОШНІЯ ПОЛЬСКА-БЕЛАРУСІЯ КАНТАКТЫ І МЭТЫ ЎСХОДНЯЙ ПАЛІТЫКІ ПОЛЬШЧЫ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Сёлета палітычныя кантакты паміж Польшчай і Беларусьсю сталі сапраўды больш актыўнымі. Дастаткова згадаць візыт прэм’ер-міністра Польшчы ў беларускае Леніна, ці нядаўняе спатканьне Лешка Мілера з выканаўцам абавязкаў кіраўніка беларускага ўраду Сяргеем Сідорскім у Варшаве.
Пра гэта гаварыў напярэдадні і амбасадар Польшчы ў Беларусі Тадэвуш Паўляк.

(Паўляк:) “Афіцыйны палітычны дыялёг паміж нашымі краінамі адбываецца цяпер на больш высокім узроўні, чым раней. Трэба, аднак, памятаць, што тут існуюць абмежаваньні, якія можна пераадолець толькі калі, падкрэсьлю, абодва бакі зробяць адпаведныя захады”.

Лідэры кааліцыі левых партыяў, што кіруюць цяпер у Польшчы, неаднаразова паўтаралі, што Варшава ня можа дазволіць сабе ставіцца да Менску гэтаксама, як Брусэль, бо мае зь Беларусьсю супольную мяжу, у самой Беларусі польскую нацыянальную меншасьць, а таксама традыцыйныя гаспадарчыя і культурныя сувязі.

Варшава таксама ніколі не хавала свайго жаданьня адыгрываць адну з галоўных роляў у фармаваньні ўсходняй палітыкі Эўрапейскага Зьвязу. Прамаўляючы ў часе адной з канфэрэнцыяў, прысьвечаных будучаму пашырэньню Эўразьвязу, прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі адзначыў:

(Квасьнеўскі:) “Я перакананы, што сяброўства Польшчы ў Эўразьвязе дадасьць усёй эўрапейскай супольнасьці кампэтэнцыі ў дачыненьнях з Украінай, Расеяй і Беларусьсю. Цяжка ўявіць, каб стратэгічныя кірункі ўсходняй палітыкі Эўразьвязу, а таксама рэгіянальнае супрацоўніцтва з Усходам, фармаваліся бяз Польшчы”.

Спрабуючы ўжо цяпер запрапанаваць Брусэлю сваю мадэль усходняй палітыкі Эўразьвязу, Варшава, сярод іншага, падкрэсьлівае неабходнасьць пакінуць Беларусі шанец на сяброўства ў Аб’яднанай Эўропе.

Гаворыць міністар замежных справаў Польшчы Уладзімеж Цімашэвіч:

(Цімашэвіч:) “Шанец, не абяцаньне, а менавіта шанец на далучэньне да Эўразьвязу трэба пакінуць і Беларусі, каб заахвоціць гэтую краіну да дэмакратычных рэформаў”.

Зь імкненьнем Варшавы ўзмацніць сваю пазыцыю ў якасьці пасярэдніка паміж Захадам і Ўсходам зьвязвае актывізацыю польска-беарускіх кантактаў і Лідэр Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька:) “Трэба канстатаваць, што на сёньняшні дзень бліжэйшыя суседзі Беларусі – Польшча, Латвія, Літва – вырашылі стратэгічныя пытаньні сваёй зьнешняй палітыкі. Яны ўжо амаль у Эўразьвязе, НАТО. Такім чынам, у зьнешняй палітыцы стварылася пэўная ніша, пустата, якую трэба нечым запоўніць. А Беларусь – гэта краіна, ў справе якой Эўропа ня мае адзінага меркаваньня, але дыскусію. Таму натуральна, што Польшча будзе прапаноўваць сябе ў якасьці пасярэдніка”.

Варта адзначыць, што ідучы на кантакты зь беларускімі ўрадоўцамі, польскія афіцыйныя асобы заўсёды падкрэсьліваюць сваю нязгоду з пэўнымі элемэнтамі палітычнай практыкі, якая існуе ў Беларусі – парушэньнем правоў чалавека, перасьледам незалежнай прэсы, ды цкаваньнем апазыцыйных актывістаў.