ВІЦЕБСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ГАТОВЫЯ ПАБУДАВАЦЬ НОВЫ РЫНАК ЗА ЎЛАСНЫЯ СРОДКІ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Закрыцьцё рынку выкліканае рэканструкцыяй спартовага комплексу “Дынама”, якая прадугледжвае перапляніроўку ўсёй навакольнай тэрыторыі. Месца для разьмяшчэньня рынку ў пляне рэканструкцыі няма, і віцебскі мэр Пятро Драздоў у размовах з прадпрымальнікамі неаднаразова падкрэсьліваў, што бачыць на месцы гандлёвай пляцоўкі футбольнае поле.

Тым ня менш прадстаўнікі ўладаў не хаваюць, што ўтрымліваць комплекс з гарадзкога бюджэту занадта дорага, і ўсё адно трэба будзе шукаць інвэстараў. Таму прадпрымальнікі з прафсаюзу “Пэрспэктыва” запрапанавалі сваю фінансавую дапамогу, але з адзінай умоваю: перадаць ім тэрыторыю рынку ня меньш як на 5 гадоў, каб на гэтым месцы пабудаваць новы гандлёвы цэнтар сучаснага эўрапейскага ўзору.