Беспрэцэдэнтнымі назваў сёлетнія патрабаваньні менскіх абласных уладаў Юрась Беленькі, адзін з кіраўнікоў КХП БНФ. Так, ад заяўнікаў мэмарыяльнае акцыі запатрабавалі дамовы з камунальнымі службамі пра прыборку месца акцыі, дамоваў зь міліцыяй пра ахову ды шмат чаго іншага.
Традцыйна памятныя акцыі ладзяцца ў Грозаве, Семежаве, Чырвонай Слабадзе (колішняй Вызьне) і Слуцку. Яны разьмешчаныя на тэрыторыі трох раёнаў: Капыльскага, Салігорскага і Слуцкага. Раней аблвыканкам пакідаў рашэньне пра дазвол на мерапрыемства мясцовым уладам. Некаторыя зь цяперашніх патрабаваньняў Юрась Беленькі характаразуе як абсурдныя:
(Беленькі: ) “Маўляў, дакажы, што Чырвоная Слабада больш за пяцьдзясят мэтраў ад Салігорскага райвыканкаму. 20 кілямэтраў ад Салігорску, дык вось дакажы, што далей за 50 мэтраў”.
Спадар Беленькі наступным чынам камэнтуе сытуацыю:
(Беленькі: ) “Ідзе абкатка новага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. ну, пэўна, толькі гэтай прычынай можна патлумачыць нестандартны падыход у гэтым годзе ўладаў даць, ці ня даць дазволу на правядзеньне мерапрыемстваў, зьвязаных з ушанаваньнем герояў Слуцкага збройнага чыну”.
Апрача іншага, заяўнікі акцыі ўзялі на сябе пісьмовыя абавязкі ў тым, што заканадаўства парушацца ня будзе. Юрась Беленькі мяркуе, варта разрозьніваць масавыя мерапрыемствы:
(Беленькі: ) “Масавыя мерапрыемствы маюць абсалютна розны характар. Калі гэта сьвята піва, якое ўлады наладжваюць, калі там п’янкі, бутэлькі валяюцца, зразумела, што трэба выводзіць батальёны прыбіральшчыкаў. Мы жа праводзім мерапрыемства, дзе не патрабуецца падобных дзеяньняў”.
У кожным выпадку, кажа Юрась Беленькі, 29 лістапада месцы баёў слуцкіх паўстанцаў будуць ушанаваныя.