ЯК РЭФАРМАВАЦЬ БЕЛАРУСКУЮ СЫСТЭМУ ПАКАРАНЬНЯЎ?

Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Алкаеў: ) “Скажу, якія пытаньні трэба вырашыць перш за ўсё. Падвысіць нормы харчаваньня. Сёньня яны, прыкладам, па мясе ўтрая меншыя за тое, што атрымліваюць салдаты, але ж гэта прыблізна адная і тая ж група насельніцтва. Паўгалодны стан, у якім увесь час знаходзяцца вязьні калёніяў і турмаў, прыводзіць да самых дрэнных наступстваў. Найперш гэта прычына таго, што здаровыя мужчыны пасьля трох-чатырох гадоў калёніі ператвараюцца ў інвалідаў, а таксама прычына розных парушэньняў ўнутранага парадку. Бо паўгалодны чалавек лёгка сядзе гуляць ў карты на порцыю і ў выніку прайграе ды патрапіць у залежнасьць да другога вязьня. А калі дзяржава ня ў стане пракарміць вязьняў, якіх у Беларусі ўжо каля 50 тысяч, дык трэба дазволіць часьцей атрымліваць перадачы ад сваякоў альбо гуманітарную дапамогу. Галоўнае, паўтараю, каб чалавек ня быў паўгалодны, бо такі стан вельмі небясьпечны”.

Выказваючыся за далейшую гуманізацыю ўтрыманьня асуджаных, Алег Алкаеў разам з тым перасьцярог ад бяздумнага капіяваньня заходняга досьведу. У прыватнасьці, былы начальнік менскага ізалятару ня лічыць, што ў Беларусі, як у некаторых эўрапейскіх краінах, варта на нейкі час адпускаць некаторых вязьняў з турмаў дадому.

(Алкаеў: ) “Уявіце людзей, якія ў нас патрапілі ў калёнію. 90 адсоткаў зь іх з дрэнных сем’яў, і нічога, акрамя гарэлкі й наркотыкаў, іх дома не чакае. У Нямеччыне, дзе я цяпер знаходжуся, грамадзтва вельмі непакоіць тое, што шмат злачынстваў робяць якраз гэтыя вязьні, якіх адпусьцілі дамоў “ на пабыўку”. Тут многія супраць гэтага. У Беларусі такі экспэрымэнт нічым добрым ня скончыўся б”, — лічыць Алег Алкаеў.

Пры гэтым ён адзначае, што ў Беларусі таксама ёсьць досьвед, які варты перайманьня. Гэтак Алкаеў ставіцца на права вязьня пяць разоў на год мець працяглае спатканьне з каханай жанчынай. Паводле Алкаева, гэта хаця бы часткова дапамагае вырашаць праблему сэксуальнай незадаволенасьці. “У той жа Вялікабрытаніі пра гэта ня думаюць. Кажуць, гэта праблема вязьняў, і ў выніку там у турмах квітнее гомасэксуалізм”.

На думку Алега Алкаева, бадай што самай важкай праблемай асуджаных у Беларусі ёсьць тое, што з выхадам на волю ніводная іхная праблема не вырашаецца. Знайсьці працу амаль немагчыма, і таму вялікі адсотак вызваленых зноў становяцца на злачынны шлях, лічыць Алег Алкаеў і дзеліцца такімі назіраньнямі:

(Алкаеў: ) “Да любой калёніі пад’едзьце ў дзевяць гадзінаў раніцы, калі выпускаюць на волю. Там убачыце, як “братва” сустракае — з кветкамі, з шампанскім. Але ж сустракаюць гэтак ня дзеля таго, каб чалавек пайшоў у дэпутаты ці заняўся чым іншым прыстойным. А дзеля таго, каб потым далей стаў красьці”.

З 1999 году Алег Алкаеў знаходзіцца ў Нямеччыне. Ён зьехаў туды апасаючыся перасьледу за тое, што агалосіў вядомыя яму факты датычнасьці кіраўнікоў Беларусі да зьнікненьняў лідэраў палітычнай апазыцыі Беларусі.