ЧАМУ СТАЛАСЯ МАГЧЫМЫМ ПАДЗЕНЬНЕ ШЭВАРДНАДЗЭ?

Віталь Цыганкоў, Прага

(Цыганкоў: ) “Нечаканая разьвязка падзеяў у Грузіі, адстаўка прэзыдэнта Эдуарда Шэварднадзэ прымушаюць аналітыкаў і палітолягаў разважаць на тэму, наколькі ўнікальнымі ёсьць гэтыя перамены, ці могуць яны паслужыць штуршком для зрынаньня аўтакратычных рэжымаў і ў іншых постсавецкіх краінах. Аднак, уважлівы аналіз сытуацыі ў Грузіі прымушае казаць, што якія-небудзь дакладныя аналёгіі падаюцца не зусім карэктнымі, грузінская сытуацыя выяўляецца непаўторнай. У масавай сьвядомасьці людзей, якія ня вельмі цікавіліся сытуацыяй у Грузіі, быў замацаваны міт пра ўсемагутнасьць Эдуарда Шэварднадзэ і ягонай улады. Вадзім Дубноў, аглядальнік часопіса «Новое время», лічыць, аднак, што гэты міт быў вельмі далёкім ад ісьціны».

(Дубноў: ) “Рэжым у Грузіі сам зрабіў вельмі шмат для таго, каб рэвалюцыя аказалася "аксамітнай". Але выявілася, што ніякага рэжыму на самой справе няма. Аказалася, што быў толькі адзін Шэварднадзэ, які паводле інэрцыі працягваў сваю гульню. Астатнія прадстаўнікі ўлады зусім не імкнуліся да той ролі, якую ў Югаславіі альбо Румыніі адыгралі абаронцы рэжыму. Шэварднадзэ сапраўды моцны і хітры палітык, але ён не стварыў рэжым – нават у яго гэта не атрымалася. Можа, у Азэрбайджане гэта і выйшла б, але ў Грузіі гэта значна больш складана. Рэжым гэты быў асуджаны і гэтай асуджанасьцю дыхаў прынамсі апошнія два гады. Пасьля крызысу вакол тэлекампаніі "Руставі-2" усё ішло да адной зразумелай разьвязкі, пытаньне было толькі ў тым, калі гэта можа здарыцца. І гэтая кропка была пастаўлена зараз. Хаця тое, што адбылося, не плянавалася ад самога пачатку. Той самы Саакашвілі 2 лістапада адразу пасьля выбараў не зьбіраўся зрынаць Шэварднадзэ. Аднак ён выклікаў да жыцьця даволі моцныя сілы, чаго, відаць, сам і не чакаў. І вось калі ён убачыў, што за ім ідзе такая магутная хваля, тады і прыйшло рашэньне”.

(Цыганкоў: ) “Беларускі палітоляг Віталь Сіліцкі таксама лічыць, што рэжым Шэварднадзэ ня быў моцным і называе прычыны, паводле якіх быў немагчымы сілавы варыянт”.

(Сіліцкі: ) “Гэта варыянт быў выключаны, бо гвалт і кроў у Тбілісі маглі прывесьці да распаду Грузіі, – таму ніхто на гэта не пайшоў бы. Таму апазыцыя сьвядома ішла на тое, што яна рабіла, бо ведала – ёсьць тая мяжа, за якой яе апанэнты спыняцца. Гэта галоўнае адрозьненьне ад падзеяў у Бялградзе ці Баку, і гэта трэба ўсьведамляць”.

(Цыганкоў: ) “Хуткае разгортваньне падзеяў у Тбілісі, здаецца, разгубіла дыпляматаў многіх краінаў. Вадзім Дубноў разам з большасьцю аналітыкаў упэўнены, што зьнешнія сілы ніякай прынцыповай ролі ў тбіліскіх падзеях не адыгралі. А як можна ацаніць пазыцыю Масквы, прынамсі, знакамітую пасярэдніцкую місію міністра замежных справаў Расеі Ігара Іванова?”

(Дубноў: ) “Ведаеце, я думаю, што расейскае кіраўніцтва паддалося спакусе бачыць у грузінскай сытуацыі аналяг югаслаўскай, і проста згуляла на антытэзе. Маўляў, нас так доўга вінавацілі ў тым, што мы нічога не рабілі ў Югаславіі, і таму тут мы вырашылі ўсіх апярэдзіць. Але Расеі не было каго апярэджваць, бо ніхто не выяўляў актыўнасьці ў гэтым кірунку. У цэлым візыт Іванова – гэта цалкам піяраўская акцыя, з майго пункту гледжаньня, ніякай асаблівай ролі Іваноў ня меў і мець ня мог проста таму, што ў гэтай сытуацыі зьнешнія сілы адыгралі далёка не прынцыповыя ролі”.

(Цыганкоў: ) “Беларускі палітоляг Віталь Сіліцкі, аднак, лічыць, што Расея адыграла даволі важную і да канца яшчэ не высьвятленую ролю ў грузінскіх падзеях”.

(Сіліцкі: ) “Не пакідае адчуваньне, што Расея згуляла вельмі важную ролю. Ведаеце, калі расейскае тэлебачаньне яшчэ за дзень да адстаўкі аб'явіла, што рэжым Шэварднадзэ паў – то гэта вельмі нахабная заява... Калі міністар замежных справаў Расеі выступае на апазыцыйным мітынгу... Калі праз 10 хвілінаў пасьля таго, як Іваноў пакідае залю паседжаньня, Шэварднадзэ піша заяву пра адстаўку, то…

Вось у нас у Беларусі вельмі шмат кажуць, што Расея можа скінуць Лукашэнку, калі гэта пажадае, і гэтак далей. Але бачыце, скінуць можна толькі тое, што ўжо падае.”

(Цыганкоў: ) “Напэўна, менавіта гэтыя словы Віталя Сіліцкага можна лічыць галоўным, хаця і даволі відавочным урокам грузінскіх падзеяў для беларускай апазыцыі. Калі дзясяткі тысячаў чалавек штодня выходзяць на мітынгі, калі большасьць народу ўпэўненая ў карумпаванасьці і несправядлівасьці існуючай улады, тады нават сілавікі адмаўляюцца выконваць указ аб надзвычайным становішчы. А які прагноз даюць нашыя экспэрты наконт разьвіцьця далейшых падзеяў у Грузіі?”

(Дубноў: ) “Я кепска сабе ўяўляю фігуру Міхаіла Саакашвілі, а менавіта ён зараз будзе разьвязваць сытуацыю, аднак я не ўяўляю, як яму ўдасца дамовіцца з Абашыдзэ. Думаю, гэта скончыцца канфліктам, які можа прывесьці да таго, што Аджарыя адмовіцца ўдзельнічаць у выбарах. Абашыдзэ будзе імкнуцца захаваць сваё становішча ў Аджарыі, і думаю, пэўныя гарантыі ў гэтым Іваноў яму даў. Менавіта для гэтага расейскі міністр і лятаў у Батумі. Да таго ж кіраўніцтву Расеі паводле традыцыі выгадна мець у Грузіі ляяльную сабе тэрыторыю. У Саакашвілі, я думаю, няма сур'ёзных супернікаў на прэзыдэнцкіх выбарах. Пры пэўнай узважлівасьці ён мог бы захаваць нейкі балянс да выбараў – ня думаю, што гэта ўдасца, але магчымасьці такія ёсьць”.

(Цыганкоў: ) “Тое, што Саакашвілі нялёгка будзе наладзіць дыялёг з кіраўніком Аджарскай аўтаноміі Абашыдзэ, відавочна ўжо цяпер. Пра гэта сьведчыць інтэрвію Саакашвілі расейскаму выданьню «Коммерсантъ», дадзенае ім у самы разгар падзеяў. Саакашвілі назваў аджарскага лідара «трохкратным Лукашенкам», а таксама «сярэднявечным мясцовым царком». Ўрэшце гэтыя словы сьведчаць, што ў сёняшняга лідара грузінскіх пераменаў наўрад ці могуць скласьціся добрыя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам”.