УКРАІНЦЫ ВЫЯВІЛІ САЛІДАРНАСЦЬ ЗЬ БЕЛАРУСКІМ ЛІЦЭЕМ

Любоў Лунёва, Менск

Калектыў ліцэю зь вялікай удзячнасьцю ўспрыняў запрашэньне Кіева-Магілянскай акадэміі. Навучэнцы і выкладчыкі ня маюць магчымасьці зьбірацца разам штодня — і нарэшце ім выпала такая магчымасьць. Бацькі непакояцца за першакурсьнікаў, якія вымушаныя хадзіць па горадзе да сваіх выкладчыкаў. Гаворыць студэнтка першага курсу Аляксандра Валодзіна:

(Аляксандра: ) “Бывае, што сьветлафоры не працуюць. Ты стаіш, чакаеш, пакуль загарыцца. А там чырвонае і чырвонае сьвятло, чырвонае і чырвонае… На ўрок трэба бегчы. Вельмі страшна пераходзіць вуліцу. Дарослых няма, перайсьці вуліцу страшна, і на ўрок спазьняцца ня хочацца. Цяжка… І стамляесься. Цяжкія партфэлі насіць туды-сюды. Усе спадзяюцца, што хутка ў нас будзе будынак, у якім мы зможам вучыцца, і ня трэба будзе кожны ўрок у адзін канец гораду, потым — у іншы, што мы будзем часьцей бачыць адзін аднаго з розных курсаў”.

Але дзеці з разуменьнем ставяцца да неспрыяльных умоваў навучаньня. Кірыл Прапляска прыйшоў да сваёй настаўніцы ангельскай мовы:

(Кірыл: ) “Мы прыйшлі на ангельскую мову да спадарыні Тацяны. Падрыхтаваліся самастойна. Яна нам дасьць новае заданьне. Няцяжка, бо я люблю ангельскую мову. Хадзіць па вуліцы ня так кепска. Веды мы атрымліваем, таму гэта не замінае нам вучыцца”.

Бацькі Каці Раковіч са жніўня вядуць перапіску то з раённай пракуратурай, то з гарадзкой. Нагадаем, 16 жніўня ў гарадзкім аддзеле адукацыі, куды прыйшлі ліцэісты і іх бацькі на запрашэньне чыноўнікаў, ахоўнік будынку штурхнуў Кацю зь лесьвіцы, і дзяўчына параніла нагу. Хуткая дапамога адвезла яе ў шпіталь. Бацькі дзяўчынкі падалі скаргу ў пракуратуру Кастрычніцкага раёну Менску, але там адмовіліся заводзіць крымінальную справу. Пасьля ўмяшальніцтва гарадзкой пракуратуры сьледчы падоўжыў тэрмін расьсьледаваньня. Бацькі пэсымістычна ставяцца да магчымых вынікаў сьледзтва:

(Раковіч: ) “Я сама езьдзіла ў судмэдэкспэртызу, хаця гэта павінны быў сьледчы рабіць. Мы атрымалі адказ, што яму яшчэ трэба апытаць сьведкаў, якіх са жніўня так і не выклікаў, Зімніцкую і Вячорку. Мне падаецца, што гэтую справу пакладуць у стол. Канечне, хачу спадзявацца на станоўчае рашэньне нашага пытаньня, але найхутчэй гэтага ня будзе. Са свайго боку мы, як бацькі, тлумачым свайму дзіцяці, што прававая дзяржава нават у межах нашае краіны магчымая. Гэтаму мы яе вучым самі, не спадзяючыся ні на пракурораў, ні на каго іншага”.

Калектыў ліцэю дагэтуль ня мае магчымасьці арандаваць будынак альбо частку яго для заняткаў, каб усе навучэнцы былі пад адным дахам. Але ўсе спадзяюцца, што неўзабаве гэтае пытаньне вырашыцца.