20 лістапада 1930 году народны паэт Беларусі Янка Купала робіць замах на ўласнае жыцьцё. Пасьля разгромных артыкулаў у друку і допытаў у ГПУ паэт ня бачыў для сябе іншага выйсьця, чым самагубства. Галоўная надзея песьняра – пра адраджэньне Беларусі пад савецкай уладай – ня зьдзейсьнілася, а сам ён мусіў сядзець у прэзыдыюмах, хваліць Сталіна, чытаць паклёпы на сваю творчасьць і апраўдвацца перад чэкістамі. Дагэтуль невядомая прычына сьмерці паэта ў 1942-м годзе, калі ён упаў у лесьвічны пралёт маскоўскага гатэлю. Адна з вэрсіяў кажа, што Купала ўсё ж зьдзейсьніў намер забіць сябе. Ну, а тая, першая спроба паэта – зрабіць сабе гаракіры ў 1930-м годзе, не ўдалася – перашкодзіла пільнае атачэньне.
20 лістапада 1947 году ААН прымае рэзалюцыю пра ўтварэньне на тэрыторыі Палестыны дзьвюх дзяржаваў – габрэйскай і арабскай. Горад Ерусалім абвяшчаецца міжнароднай зонай. З таго часу паміж габрэямі і арабамі ледзь не штодня адбываюцца сутычкі. Спрачаюцца менавіта з-за Ерусаліму, дакладней, з-за Храмавае гары, на якой разьмешчаныя галоўныя сьвятыні і габрэяў, і арабаў.
Сёньня спаўняецца 5 гадоў з дня забойства ў Санкт-Пецярбургу расейскага палітыка Галіны Старавойтавай. Прадстаўніцу дэмакратычнае плыні ў расейскай палітыцы Старавойтаву ведалі ўсе. Але ня ўсе ведалі, што яна беларуска. У адным з інтэрвію спадарыня Галіна казала: “Я нарадзілася ў Чалябінску ад нашчадка беларускага селяніна. Бацька мой – абруселы беларус”. Будучы паводле прафэсіі этнолягам, Галіна Старавойтава ніколі не забывалася пра сваё паходжаньне і ахвотна кантактавала з дэмакратычнымі сіламі ў Беларусі. Варта згадаць, што і бацька яе, родам з Гомельшчыны, быў не абы якім чалавекам. У свой час прафэсар Васіль Старавойтаў нават атрымаў Ленінскую прэмію і быў адным з канструктараў “лунахода”.
Сярод тых, хто нарадзіўся 20 лістапада, згадаем Георгія Каніскага, які прыйшоў на сьвет у 1717 годзе. Пасьля сьмерці ён будзе названы сьвятым за свае заслугі дзеля праваслаўя. Каніскі быў япіскапам у Магілёве, адкрыў там духоўную сэмінарыю, пісаў кніжкі і арыентаваўся на Расею.
Сёньня спаўняецца 145 гадоў ад нараджэньня швэдзкай пісьменьніцы Сэльмы Лягерлёф. За сваю творчасьць яна была ўзнагароджаная Нобэлеўскай прэміяй, яе творы перакладаліся па-беларуску.
Таксама сёньня – 55 гадоў з дня нараджэньня Яўгеніі Янішчыц, адной з самых прызнаных сучасных паэтак. Янішчыц трагічна сыйшла з жыцьця 15 гадоў таму.