МАСКОЎСКІ ПАЛІТОЛЯГ АДЗНАЧАЕ АНТЫРАСЕЙСКІЯ НАСТРОІ Ў АТАЧЭНЬНІ ЛУКАШЭНКІ

Ул. інф.

“Мы бачым,” – сказаў ён. – “што ўсё больш людзей у найбліжэйшым атачэньні Лукашэнкі або мяняюць свае погляды і пачынаюць прытрымлівацца антырасейскіх кірункаў, або зьяўляюцца людзі, якія адкрыта выказваюць антырасейскія погляды. Раней у такіх поглядах абвінавачвалася апазыцыя, а цяпер мы бачым, што ў значна большай ступені іх выказвае афіцыйнае кіраўніцтва,” – адзначыў расейскі палітоляг у інтэрвію "БДГ".

На мінулым тыдні пад эгідай расейскага Савету зьнешняй і абарончай палітыкі ў Маскве прайшла сустрэча расейскіх аналітыкаў з кіраўнікамі беларускіх партыяў левага накірунку. У інтэрвію "БДГ" Сяргей Караганаў таксама адзначыў, што раней існавала меркаваньне, што сябры Савету сустракаюцца зь беларускімі апазыцыянэрамі, а потым гавораць, што гэтыя апазыцыянэры горш, чым можна было чакаць, а таму мець справу зь імі ня варта. “Ад сустрэчаў з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, як і ўлады, мы маем самыя пазытыўныя ўражаньні,” – сказаў Караганаў і дадаў. – “Зразумела, сустракаюцца людзі і з наіўнымі поглядамі, але мы бачым, што ў Беларусі існуе сур’ёзная інтэлігенцыя, сур’ёзная навуковая думка”.

Расейскі палітоляг выказаў спадзяваньне і нават упэўненасьць, што калі другі тэрмін прэзыдэнта Лукашэнкі закончыцца, вартая кандыдатура знойдзецца. “У Беларусі дастаткова адукаваных, разумных і дасьведчаных людзей, якія змогуць весьці яе па шляху мадэрнізацыі, разьвіцьця і інтэграцыі з Расіяй і Эўропай,” – адзначыў Сяргей Караганаў.