“Ліквідацыя мэдвыцьвярэзьнікаў і лячэбна-працоўных прафілякторыяў была неапраўданая”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка й дадаў: пытаньне палягае ня ў тым, што ў Беларусі дастаткова шмат людзей, якія пакутуюць на алькагалізм, і п’яніцаў, а ў тым, “што нямала людзей, асабліва ўзімку, замярзае”. Спадар Лукашэнка зазначыў, што сярод іх шмат людзей бяздомных, якія бадзяюцца бяз справы, але “гэта таксама людзі, іх трэба вярнуць да жыцьця й мы павінны пра іх клапаціцца”.
Клопат, на думку кіраўніка дзяржавы, мусіць быць гэткі: “людзей, якія пакутуюць на алькагалізм, неабходна ратаваць і лячыць гэтую дурноту, найперш працаю”. Аляксандар Лукашэнка нагадаў, што даручыў перавесьці выцьвярэзьнікі на самаакупнасьць, бо алькаголікаў нельга ўтрымліваць за кошт дзяржавы — “іх трэба накіроўваць на сельскагаспадарчыя працы, прыбіраць вуліцы”.
Аднак 41-ы артыкул Канстытуцыі Беларусі забараняе прымусовую працу. Іншы, 45-ы артыкул Канстытуцыі гарантуе права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэньне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Сам Аляксандар Лукашэнка прызнае:
(Лукашэнка: ) “Гэта хворыя людзі. Алькаголік — гэта, паводле мэдычных паказаньняў, хворы чалавек. Няважна, якая прычына гэтага. Значыць, Міністэрства аховы здароўя мусіць тут падключыцца ў пляне лячэньня гэтых людзей, і асабліва ў лячэбна-працоўных прафілякторыях”.
Спадар Лукашэнка мяркуе, што перадача Міністэрству аховы здароўя функцыяў працы з гэтым кантынгентам была няслушная. Паводле яго, у шпіталях зрабілі хаос, яны пачалі ператварацца ў нешта накшталт сьледчага ізалятару.
Выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак зазначае, што спадар Лукашэнка зноў прадэманстраваў сваю непавагу да закону:
(Гулак: ) “Макаранкаўскія ідэі выхаваньня прымусовай працай не адпавядаюць цывілізаванаму, разумнаму падыходу да гэтай праблемы. Яны ў нашага прэзыдэнта прэвалююць. Калі такім чынам будуць разьвівацца падзеі, дык гэта будзе яшчэ адзін мэханізм парушэньня правоў чалавека на дзяржаўным узроўні. Мы раней рабілі маніторынг утрыманьня людзей у падобных месцах — немагчыма забясьпечыць прыстойнае чалавечае ўтрыманьне ў гэтых месцах. Да гэтых людзей, якія там утрымліваюцца, ставяцца як да людзей другога гатунку”.
Паводле Лукашэнкавай прэсавай сакратаркі Натальлі Пяткевіч, цяпер у Беларусі дзейнічаюць два прафілякторыі, а ў 1991 годзе іх было восем. У гэтых установах лечаць больш за 3 тысячы чалавек, а дзесяць беларускіх выцьвярэзьнікаў разьлічаныя на 200 месцаў. Выцьвярэзьнікаў за савецкім часам было амаль 60, а сёлета ў пачатку году не засталося ніводнага. У лістападзе ж аднавілі працу пяць выцьвярэзьнікаў на Гомельшчыне, чатыры на Віцебшчыне і ў Бабруйску. Яшчэ ёсьць адмысловыя цэнтры дэтаксыкацыі ў Магілёве, Асіповічах і Берасьці. Плянуецца адкрыць яшчэ 18 выцьвярэзьнікаў, у тым ліку ў Менску, дзе пакуль няма ніводнага.