“НАРОДНАЙ ВОЛІ” ПРЫСУДЗІЛІ ВЫПЛАЦІЦЬ НА КАРЫСЬЦЬ ЯГОРА РЫБАКОВА 50 МІЛЬЁНАЎ РУБЛЁЎ

Ганна Соусь, Менск

Судовая калегія Менскага гарадзкога суду адмяніла рашэньне суду Ленінскага раёну Менску, які пастанавіў спагнаць з рэдакцыі “Народнай волі” на карысьць кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі 10 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за зьнявагу ягонага гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі, а з Марыны Коктыш і Элеаноры Язерскай — 1 мільёну рублёў кожная. Рашэньне судовай калегіі зачытвае судзьдзя Натальля Жупікава:

(Жупікава: ) “Спагнаць з выдавецтва прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Народная воля” на карысьць Рыбакова Ягора Ўладзімеравіча за маральныя страты ў памеры 50 мільёнаў рублёў. З Коктыш Марыны Георгіеўны і Язерскай Элеаноры Аркадзеўны на карысьць Рыбакова па тры мільёны з кожнай”.

Дарэчы, менавіта судзьдзя Натальля Жупікава вяла судовы працэс аб закрыцьці “Правовой дапамогі насельніцтву”. Судовая калегія пакінула ў сіле рашэньне суду Ленінскага раёну ў той частцы, дзе прызнаныя несапраўднымі зьвесткі, якія былі надрукаваныя ў “Народнай волі” ў кастрычніку 2001 году. У артыкуле Марыны Коктыш Элеанора Язерская сьцьвярджала, што Ягор Рыбакоў “ператварыў Беларускае тэлебачаньне ў руіны”, а таксама абвінавачвала яго ў датычнасьці да сьмерці некаторых былых супрацоўнікаў. Дарэчы, сёньня разам з Элеанорай Язерскай у Менскі гарадзскі суд прыйшлі некалькі дзясяткаў былых супрацоўнікаў Белдзяржтэлерадыёкампаніі з тым, каб пацьвердзіць у судзе сапраўднасьць выказваньня Язерскай у газэце.

Але большасьць зь іх не дапусьцілі ў судовы пакой, спаслаўшыся на тое, што ў судзе рамонт і больш вялікіх памяшканьняў няма. Ня здолелі трапіць на судовы працэс і большасьць журналістаў, апроч карэспандэнта Радыё Свабода. У часе судовага працэсу прадстаўнік гарадзкой пракуратуры адхіліла пратэст з боку пракуратуры Ленінскага раёну за подпісам пракурора Аляксея Стука, які прызнаў рашэньне суду Ленінскага раёну незаконным.

Галоўны рэдактар “Народная волі” Іосіф Сярэдзіч заявіў для Радыё Свабода, што рашэньне судовай калегіі ў пяць разоў павялічыць памер кампэнсацыі ёсьць палітычным рашэньнем. Іосіф Сярэдзіч быў вельмі абураны:

(Сярэдзіч: ) “Ня суд, а судзілішча. Суд Вышынскага”.

(Карэспандэнтка: ) “А якія будуць вашыя далейшыя дзеяньні?”

(Сярэдзіч: ) “Абавязкова будзем далей пісаць касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі”, — заявіў галоўны рэдактар “Народнай волі”.

Вось як пракамэнтаваў для нашага радыё судовае рашэньне кіраўнік Цэнтру прававой дапамогі СМІ Міхаіл Пастухоў:

(Пастухоў: ) “Гэта фантастычна. Такі вынік можна было прагназаваць хіба толькі тэарэтычна, паколькі падставаў для таго, каб павялічыць суму матэрыяльнай кампэнсацыі не было ніякіх. Я проста зьдзіўлены, і проста не ўкладваецца гэта ні ў якую юрыдычную лёгіку. Пытаньне было ў тым, што ёсьць сур’ёзныя падставы для адмены рашэньня суду Ленінскага раёну, паколькі былі шматлікія парушэньні працэсуальныя. Можна было яшчэ прагназаваць, што рашэньне застанецца ранейшае, але, што будзе такі вынік, што яшчэ павялічаць, гэта проста жудасна”.

Варта адзначыць, што на судовы працэс са спазьненьнем на 35 хвілінаў прыйшоў прадстаўнік Ягора Рыбакова юрысконсульт Белдзяржтэлерадыёкампаніі Вячаслаў Іваноў. Яго папрасілі пакінуць судовую залю пры наступных абставінах. Распавядае Марына Коктыш:

(Коктыш: ) “Зайшоў прадстаўнік Рыбакова юрысконсульт Беларускага тэлебачаньня Вячаслаў Іваноў, і ўсе прысутныя адразу адчулі ў залі пах алькаголю. Калі пра гэта сказалі судзьдзі, яна папрасіла яго пакінуць залю, спасылаючыся на тое, што яўка на гэты працэс неабавязковая”.