У БЕЛАРУСІ РАСЬЦЕ КОЛЬКАСЬЦЬ ХВОРЫХ НА СНІД

Любоў Лунёва, Менск

Асноўная колькасьць ВІЧ-інфікаваных — наркаманы. Лідэр у гэтай сумнай статыстыцы — Гомельская вобласьць, за ёй Менская вобласьць і Менск. За гэтымі лічбамі лёсы маладых людзей, сярэдні ўзрост якіх складае 23 гады. Апроч таго, у Беларусі зарэгістраванае 31 дзіця са сьмяротным вірусам.

Найчасьцей людзі застаюцца сам-насам са сваёй бядой. Тацяна Сямёнава, калі даведалася, што ў яе знайшлі сьмяротны вірус, была ў шоку:

(Сямёнава: ) “Шок я перажыла. Так неяк няўдала мне пра гэта паведамілі мэдыкі. Можна было зрабіць гэта інакш. Такое адчуваньне, што яны самі спалохаліся. Я заплакала… Яны мне далі вады. Пачалі нешта казаць, але непераканаўча. У іх не было ўпэўненасьці. Было бы лепш, калі б гэта рабіў прафэсіянал, які б казаў упэўненым голасам, што нічога страшнага ня здарылася, трэба папросту навучыцца жыць з гэтым, зьмяніць лад жыцьця. У нас не хапае прафэсійна падрыхтаваных людзей для кансультацыі пасьля станоўчага тэсту. А датэставага кансультаваньня ў нас увогуле няма. Чалавек папросту прыходзіць і здае кроў на аналіз. Я потым доўгі час папросту блукала па вуліцах. Дома нікому нічога не сказала. Калі праз даўгі тэрмін прызналася, то мне нават не паверылі”.

Калегі на працы таксама доўгі час нічога ня ведалі, пакуль ня ўбачылі Тацяны ў праграме тэлебачаньня пра СНІД. Пасьля гэтага пачаліся званкі бацькам, Тацяне з пытаньнямі: “Як заразілася і калі?” Тацяна звольнілася з працы. Яна больш нікому ня кажа, што ў яе ВІЧ-інфэкцыя.

(Сямёнава: ) “Я лічу, што я павінна казаць толькі свайму полаваму партнэру, свайму доктару, калі ён робіць нейкія маніпуляцыі, зьвязаныя з маёй крывёю, і таму, каму сама пажадаю. Калі я раблю манікюр, пэдыкюр, то нічога не кажу. Яны павінны самі прытрымлівацца розных інструкцыяў. Навошта мне іх папярэджваць? Калі яны будуць ужываць нестэрыльныя інструмэнты, то самі будуць несьці адказнасьць. Лепш не казаць, бо ў нас людзі жывуць, як у каменным стагодзьдзі. Вось, напрыклад, сёньня я была на курсах ангельскай мовы. Выкладчыца папрасіла, каб кожны з нас паклаў у капялюш які-небудзь прадмет, каб потым астатнія рукой яго мацалі й распавядалі пра яго. Хто паклаў асадку, хто сшытак, а я паклала пачак прэзэрватываў. Выкладчыца так абурылася! Яна пыталася, хто тут такі вычварэнец”.

ВІЧ-інфікаваныя кантактуюць паміж сабой, каб спрабаваць выжыць разам. Яны ўтварылі маленькае аб’яднаньне “Пазытыўны рух”, куды могуць прыйсьці й падзяліцца сваімі праблемамі, знайсьці падтрымку адзін аднаго. Сябры арганізацыі намагаюцца дабіцца ад Міністэрства аховы здароўя, каб тое пераймала досьвед суседніх краінаў. Там наркаманы маюць магчымасьць атрымаць неабходнае лячэньне, у шпіталях ім даюць прэпарат мэтадон. Гэта таксама наркотык, але ў пігулках. Але чыноўнікі пакуль не пагаджаюцца на гэта. Такім чынам, у Беларусі няма магчымасьці трымаць наркамана ў шпіталі, бо падчас ломкі ён уцякае па дозу.

Але праблемаў хапае і бяз гэтага. З сакавіка не было адмысловых тэстаў на ВІЧ-інфэкцыю, і ВІЧ-інфікаваныя ня мелі магчымасьці прайсьці дыягностыку. Загадчыца аддзяленьня кансультацыйнай дапамогі аддзелу прафіляктыкі СНІДу Ларыса Касінская так пракамэнтавала гэта Радыё Свабода:

(Касінская: ) “Так, сапраўды, у рэспубліцы былі перабоі з дыягнастычнымі тэст-сыстэмамі для правядзеньня скрынінгу донарскай крыві. Але ў жніўні пасьля тэндэру купілі дастатковую колькасьць тэст-сыстэмаў на 600000 дасьледаваньняў. Цяпер гэтай праблемы не існуе”.

ВІЧ-інфікаваныя менчукі замацаваныя за інфэкцыйным шпіталем. Толькі там яны могуць прайсьці дасьледаваньні. На лячэньне грошай няма. Толькі за год ад СНІДу ў краіне памерлі 357 чалавек.