МОЛАДЗЕВЫ ЧЭМПІЯНАТ ЭЎРОПЫ: БЕЛАРУСЬ – ПОЛЬШЧА 1:1

Ігар Карней, Менск

Гэтая гульня — па сутнасьці 1/8 фіналу моладзевага чэмпіянату Эўропы-2004. Цягам двух год гульцы ва ўзросьце да 21 году гулялі паралельна з дарослымі камандамі і па дзьве лепшыя з кожнай адборачнай групы зараз склалі стыкавыя пары.

Беларусы патрапілі на палякаў і такому сыходу і трэнеры, і самі гульцы былі задаволеныя, паколькі лічылі, што супраць палякаў можна гуляць пасьпяхова. Аднак суботняя сутрэча паказала, што шапказакідальніцкі настрой не зусім апраўданы і нічыйны вынік сустрэчы — яшчэ ня горшы варыянт для беларусаў.

Той, хто сачыў за гульнёй, памятае, што польская каманда не рэалізавала пэнальты; у зваротным жа выпадку стымул для палякаў мог быць і большы. Да таго ж, палякі ў атацы глядзеліся куды больш пераканаўча, чым беларусы і нічыя 1:1, падобна, іх цалкам задавальняе напярэдадні сустрэчы 19 лістапада ў польскіх Уронках.

Той, хто пераможа паводле сумы двух сустрэчаў, выйдзе ў наступнае кола. Цяпер беларускія футбольныя адмыслоўцы ўжо больш асьцярожныя, чым няпярэдадні матчу 15 лістападу. Калі ў своеасаблівым таталізатары, арганізаваным газэтай "Прессбол", і спартоўцы, і журналісты загадзя аддавалі перамогу беларусам, то зараз размовы іншыя: пры такой гульні, якую моладзевая зборная паказала ў Менску, адолець палякаў у іх на радзіме будзе цяжка

Скандальны фініш нацыянальнага чэмпіянату Беларусі мог нейкім чынам паўплываць на мікраклімат у беларускай камандзе. На мінулым тыдні чуўся шэраг узаемных абвінавачаньняў у падтасоўцы вынікаў сустрэчы паміж менскім "Дынама" і барысаўскім БАТЭ, якія адпаведна ўзначальваюць трэнэр моладзевай зборнай Юрый Пунтус і настаўнік нацыянальнай каманды Анатоль Байдачны. Адмыслоўцы гэтага не выключаюць. Сапраўды, вельмі прынцыповая сустрэча паміж сталічнымі дынамаўцамі і БАТЭ вырашала лёс срэбраных узнагародаў чэмпіянату, што аўтаматычна дазваляла ў наступным сэзоне выступаць адной з камандаў у Кубку УЕФА.

"Дынама" нечакана прайграла зь лікам 0:4, і гэта выклікала выбуховую рэакцыю дынамаўскага трэнэра Анатоля Байдачнага. Ён ня толькі падаў у адстаўку, але і неадназначна выказаўся на адрэсу свайго барысаўскага калегі Юрыя Пунтуса, абвінаваціўшы яго асабіста і ягоную каманду ў нячэснай гульні.

Дысцыплінарная камісія БФФ распачала з гэтай прычыны расьсьледваньне. Пры тым, што менавіта гульцы барысаўскага БАТЭ складаюць аснову моладзевай зборнай, можна дапусьціць, што настрой у камандзе напярэдадні матчу быў ня самы лепшы.

Выхаванца БАТЭ і на цяперашні момант лепшага беларускага легіянэра, якія абараняе колеры нямецкага "Штутгарту", Аляксандра Глеба давялося замяніць з прычыны вельмі сярэдняй якасьці гульні. Аднак цалкам натуральна, што ня лепшы псыхалягічны настрой — вельмі слабое алібі, калі гаворка ідзе пра, бадай, адзін з самых важных гульнявых цыкляў у кар'еры кожнага маладога футбаліста, якія абараняе гонар нацыянальнай каманды Беларусі.