Пры канцы савецка-польскае вайны 1919–20 гадоў на Случчыне ўтварылася нэўтральная зона, якую кіраўнікі паўстаньня вырашылі скарыстаць дзеля разгортваньня наступу па вызваленьні краю ад бальшавікоў. 27 лістапада першая Слуцкая брыгада, якая складалася з двух палкоў, пачала актыўныя баявыя дзеяньні. Паўстаньне ахапіла тэрыторыю сучасных Слуцкага, Капыльскага, Клецкага раёнаў. Паўстанцы спадзяваліся на злучэньне свайго войска з разрозьненымі атрадамі, якія змагаліся супроць бальшавікоў у тыле.
Гаворыць аўтарка кнігі “Беларусь мяцежная” гісторык Ніна Стужынская, якая шмат гадоў дасьледуе гэтую тэму:
(Стужынская: ) “Слуцкія падзеі — па сутнасьці працяг вайны за незалежнасьць. Папярэдне добра арганізаваная хваля была сялянскіх паўстаньняў на Віцебшчыне ў 1918 годзе, потым у 1919 годзе была калясальная хваля выступаў на Магілёўшчыне… Таму проста пік, апагей гэтага руху, як найбольш прадстаўнічы, як добра падрыхтаваны па канонах дэмакратычнага ладу, — гэта, канечне, Слуцкае паўстаньне”.
Бальшавікі перакінулі ў Беларусь новыя войскі, і Слуцкае паўстаньне пацярпела паразу. Напрыканцы году рэшткі паўстанцкага войска перайшлі праз раку Лань на занятую палякамі тэрыторыю. Але Ніна Стужынская перакананая, што случакі маглі перамагчы. Пры адной умове: прызнаньне іх правоў Эўропай.
(Стужынская: ) “На той момант Эўропа не хацела прызнаць права Беларусі на дзяржаўнасьць, не магла прызнаць самадастатковасьці Беларусі, ці не паверыла. Адна з задачаў Слуцкага паўстаньня была такая — доказ, аргумэнт, дэманстрацыя эўрапейскім колам сапраўднага жаданьня беларусаў жыць у самастойнай дзяржаве”.
Лёс слуцкіх паўстанцаў трагічны. Многія загінулі. Тыя, хто ацалеў, былі скалечаныя бальшавіцкімі турмамі. Але тыя, хто перайшоў мяжу, да канца дзён працавалі ў эмігранцкіх беларускіх арганізацыях на карысьць будучае незалежнасьці краіны.
Сёньняшняе пакаленьне змагароў за незалежнасьць мала ведае пра случакоў: антыбальшавіцкія паўстаньні не вывучаюцца ў школьным курсе гісторыі. А ва ўнівэрсытэцкіх падручніках Слуцкае паўстаньне за незалежнасьць краіны называецца контаррэвалюцыйным мяцяжом. Гісторыкаў, якія вывучаюць тыя падзеі, улада перасьледуе. Нядаўна была звольненая з працы ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнае акадэміі навук Ніна Стужынская. Ёй не дазваляюць абараніць доктарскай дысэртацыі на тэму “Антысавецкі рух у Беларусі ў 20-я гады ХХ стагодзьдзя”. Некалькі іншых дасьледнікаў з БДУ і Акадэміі навук, які вывучалі гсторыю антыбальшавіцкіх паўстаньняў, вымушана памянялі тэмы сваіх працаў на больш нэўтральныя.