ЗА ПРАВЯДЗЕНЬНЕ “ГАЛАСАВАНЬНЯ” ЎДЗЕЛЬНІКІ ПІКЕТУ Ў ГОМЕЛІ АТРЫМАЛІ ВЯЛІКІЯ ШТРАФЫ

Казімер Яноўскі, Гомель

7 лістапада на дазволеным гарвыканкамам пікеце яны праводзілі грамадзкае галасаваньне адносна працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Міліцыя затрымала арганізатараў пікету і абвінаваціла іх у парушэньні парадку пікетаваньня.

На судзе капітан міліцыі Юрый Прышчэпа засьведчыў, што скласьці пратаколы на арганізатараў пікету загадаў намеснік начальніка Чыгуначнага райаддзелу ўнутраных справаў Мікалай Сьпірыдовіч.

Апошні сапраўды прыяжджаў на пікет з прадстаўніком гарвыканкаму ў разгар галасаваньня. Менавіта пасьля гэтага дазволены гарвыканкамам пікет быў забаронены. Многія гамельчукі, што добраахвотна прыйшлі да Палацу таварыства глухіх, не змаглі выказаць сваё стаўленьне да падоўжаньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.

З захаваных пікетоўцамі бюлетэняў стала вядома, што 89,6% гараджанаў прагаласавалі супраць трэцяга тэрміну.

Спадары Карнеенка і Палякоў кожны паасобку патлумачылі судзьдзі Ганьне Новік, што ў замовах на правядзеньне пікету яны ўказвалі мэту. Гэта – правядзеньне грамадзкага галасаваньня. Гарвыканкам зьмяніў толькі месца пікету, але не забараніў самое галасаваньне.

(Карніенка: ) “Да гэтага часу не атрымаў адказу на асноўныя пытаньні: “Чаму я тут знаходжуся? Што я парушыў?” Я чытаю закон, але там не напісана, што забаронена праводзіць грамадзкае галасаваньне. А мне кажуць, што я нешта парушыў. Што парушыў? На такіх жа падставах заўтра супрацоўнікі міліцыі скажуць: чаму ў вас на пікеце людзі ў чырвоных палітонах? Не было дазволу, што людзі могуць прыйсьці ў чырвоных палітонах! Не было напісана, што людзі могуць быць у клетчатых шаліках, зь русымі валасамі альбо з завушніцамі можна. Вельмі дзіўна ўсё гэта!”

(Карэспандэнт: ) “Насамрэч, чаму ўсё-ткі пікет спынілі і сталі складаць на вас пратакол?”

(Карніенка: ) “Я перакананы, што паступіла інструкцыя ад невядомых пакуль людзей. Вось зараз выканаўчы камітэт выпадае неяк з судовай справы. Быццам бы гэта ўласная ініцыятыва міліцэйскіх органаў. Я думаю, што паступіла дакладная інструкцыя. Улады спадзяваліся, што будзе ціха-мірна, у глухое месца ніхто ня прыйдзе. Мы адзін аднаго паагітуем, прагаласуем двума бюлетэнямі. Але прыйшло вялікае мноства людзей, і трэба было неяк спыніць пікет гвалтоўным чынам. І прыдумалі дзеля гэтага абсалютна абсурдную прычыну”.

А палове 6-й гадзіны вечару стаўся вядомы вынік двух разбіральніцтваў у Чыгуначным судзе.

Судзьдзя Ганна Новік, якая ў свой час прымала рашэньне пра канфіскацыю кампутарнай тэхнікі ў грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” і моладзёвага цэнтру “Гарт”, аштрафавала Васіля Палякова і Алеся Карніенку на 1 мільён 650 тысячаў рублёў кожнага.

Як сказана ў судовай пастанове, за тое, што замест пікету быў арганізаваны мітынг.

У аснову пастановы пакладзеныя сьведчаньні двух ананімаў, прадстаўленых міліцыяй. Адзін зь іх нібыта жыве ў Магілёўскай вобласьці, другі – у Гомелі, далёка ад месца правядзеньня пікету. Судзьдзя пры гэтым адхіліла хадайніцтва выклікаць у суд невядомых сьведкаў, каб яны пацьвердзілі свае паказаньні.

Журналістам Ганна Новік пасьля абвяшчэньня пастановы заявіла, што яна “ня ў стане думаць”.