У МЕНСКУ ПРЭЗЭНТАВАЛІ КНІГУ “ВЫПАДКОВЫ ПРЭЗЫДЭНТ”

Уладзімер Глод, Менск

Паводле Паўла Шарамета, напісаць гэтую кнігу ён лічыў для сябе абавязкам. Але цяпер, калі праца скончаная, кніга напісаная і выдадзеная, ён не адчувае звычайнай у такіх выпадках задаволенасьці:

(Шарамет: ) “Задавальненьне — гэта ня тое слова, бо калі трэба пісаць пра зьнікненьне людзей, калі ўвесь час, што мы працавалі, перада мною стаяў фотаздымак Зьмітра Завадзкага. Гэта не раман пра любоў, гэта раман пра дыктатуру. Таму гэта было не задавальненьне, гэта было пачуцьцё абавязку, грамадзянскага абавязку”.

Сьвятлана Калінкіна распавядае пра тое, як стваралася новая кніга:

(Калінкіна: ) “Гэта такі палітычны партрэт прэзыдэнта Беларусі, які выліўся ў кнігу. Але жанр традыцыйны для газэтаў, для часопісаў — палітычны партрэт. Мы спрабавалі даць адказы на пытаньні, які часьцей за ўсё задаюць пра кіраўніка нашае дзяржавы: “Хто ён?”, “Як стала магчыма, што у 21 стагодзьдзі ў Эўропе зьявіўся дыктатар?”, “Як Лукашэнка стаў дыктатарам?”, “Хто яму дапамог?”.

Падчас прэзэнтацыі я пацікавіўся ў аўтараў, ці будзе ў іхнай кнігі працяг? Павал Шарамет такога не выключае:

(Шарамет: ) “Цяпер мы ня думаем пра тое, каб напісаць другую альбо трэцюю частку. Але я гэтага не выключаю. Палітычнае жыцьцё ў Беларусі можа прымусіць альбо нас, альбо яшчэ каго-небудзь напісаць працяг гэтай кніжкі. Цяпер для нас ня вельмі добрая сытуацыя — нам ужо пачалі пагражаць, пагражаць Сьвятлане Калінкінай, асабліва пасьля праграмы на НТВ з удзелам Лукашэнкі і Чубайса. Мы ўжо адчуваем ціск з боку беларускіх уладаў. Але калі мы пісалі гэтую кнігу, мы разумелі, што трэба будзе чакаць такой рэакцыі. Гэта было пераадоленьне страху. Мы пераадольвалі страх, калі пісалі й калі расказвалі людзям пра тое, што адбываецца цяпер у Беларусі”.

Сьвятлана Калінкіна распавяла, што разглядаецца магчымасьць перакладу кнігі на некаторыя эўрапейскія мовы дзеля таго, каб зь ёй маглі пазнаёміцца і грамадзяне Эўропы.