Швэдзкае дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Беларусі мае статус аддзяленьня ў Менску амбсасады Швэцыі ў Маскве. Швэдзкі амбасадар Свэн Хірдман адмыслова прыбыў у Менск на цырымонію адкрыцьця. А кіраваць аддзяленьнем прызначаны швэдзкі дыплямат, дарадца амбасады Ян Шадэк. Пакуль спадар Шадэк будзе адзіным дыпляматам у прадстаўніцтве. Часовы адрас аддзяленьня амбасады Швэцыі ў Менску — вуліца Варвашэні, дом 73, офіс 401а.
Да гэтага два гады ў Менску працаваў ганаровы консул Швэцыі Ларс Карман, які разам са сваімі супрацоўнікамі садзейнічаў у атрыманьні беларусамі швэдзкіх візаў у амбасадзе ў Маскве. Гэтае ганаровае консульства працягне сваю працу, і швэдзкія візы беларусы па-ранейшаму будуць афармляць праз Маскву. Гаворыць каардынатар праграмаў аддзяленьня амбсады Швэцыі Алена Касько:
(Касько: ) “Магу дакладна сказаць, таму што я адказваю за культурніцкія і інфармацыйныя праграмы, такіх праграмаў адназначна будзе болей. Такім чынам, стварэньне аддзяленьня станоўча паўплывае на пашырэньне нашай дзейнасьці ў гэтым пляне”.
Улады Беларусі вітаюць адкрыцьцё аддзяленьня амбасады Швэцыі, — гаворыць прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных.
(Савіных: ) “Безумоўна, прысутнасьць швэдзкіх дыпляматаў непасрэдна ў рэспубліцы будзе садзейнічаць разьвіцьцю нашых гандлёва-эканамічных, культурных і гуманітарных сувязяў з гэтай краінай”, — зазначыў прэсавы сакратар МЗС Беларусі.
Вядомы беларускі дыплямат Андрэй Саньнікаў лічыць адкрыцьцё швэдзкага дыпляматычнага прадстаўніцтва добрым знакам, бо апошні час былі толькі адваротныя выпадкі — закрыцьцё амбасадаў Ізраілю і Іраку. Тым ня менш, спадара Саньнікава бянтэжыць форма швэдзкага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Менску. Адкрываць у адной краіне аддзяленьне амбасады, акрэдытаванай у іншай, — гэта не адпавядае міжнароднай практыцы, кажа ён.
(Саньнікаў: ) “Гэта магло быць кансулятам, гэта магло быць офісам, ёсьць шмат усялякіх формаў, у якіх могуць працаваць дыпляматычныя прадстаўніцтвы. Я вельмі тут расчараваны, таму што зь нябожчыцай Аннай Лінд вёў гэтыя размовы і казаў ёй якраз пра тое, што трэба адчыняць амбасаду ці кансулят на першым этапе. Таму што там у Швэцыі былі пытаньні, ці ня будзе гэта дапамогай недэмакратычнаму рэжыму. Я заўсёды казаў, што не. Калі адчыняецца амбасада дэмакратычнай краіны, то гэта сьведчыць перш за ўсё аб дапамозе і падтрымцы дэмакратычных сілаў”.
Андрэй Саньнікаў вёў гэтыя перамовы з былым міністрам замежных справаў Швэцыі Аннай Лінд яшчэ ў 2000 годзе, падчас паездкі прадстаўнікоў беларускай апазыцыі ў Стакгольм.