Скандальна вядомы расейскі гурт “Гражданская оборона” (скарочана “Гр.Об”) дае ў Беларусі два канцэрты — у Віцебску і ў Менску. Арганізатарам гастроляў выступіла дырэкцыя віцебскага Парку культуры і адпачынку. Актывісты прадстаўніцтва “Зьвязу камітэтаў у падтрымку габрэяў былога СССР” вельмі занепакоеныя, што гэтыя гастролі могуць прывесьці да дэстабілізацыі становішча ў моладзевым асяродзьдзі й выклікаць нэгатыўную рэакцыю ў грамадзтве. Чаму так можа здарыцца, тлумачыць дырэктар беларускага прадстаўніцтва Зьвязу Якаў Басін:
(Басін: ) “Гурт “Гражданская оборона” праславіўся тым, што выклікае эпатаж у залі, і нярэдка рэакцыя публікі на іх выступы заканчваецца тым, што частка залі ўскоковае й крычыць фашыстоўскае прывітаньне “Зіг гайль”. Гэта было ў іх рэпэртуары, а да ўсяго ў тэкстах іх песьняў можна знайсьці моманты, якія абражаюць чалавечую й нацыянальную годнасьць. Гэты гурт не пускаюць на канцэрты ў Прыбалтыку, у асобныя эўрапейскія краіны і цяпер ужо ў некаторыя расейскія гарады”.
Паводле Якава Басіна, канцэрты “Гражданской обороны” звычайна прыцягваюць увагу той часткі моладзі, што схільная да прафашыстоўскіх ідэяў. З гэтай нагоды актывісты габрэйскай арганізацыі накіравалі адпаведны зварот у пракуратуру, КГБ, Міністэрства культуры і ў Камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. Яны прыводзяць у ім некаторыя тэксты песьняў “Гражданскай обороны”, у якіх абражаюцца рэлігійныя пачуцьці хрысьціянаў і нацыянальныя — габрэяў. Актывісты габрэйскай арганізацыі спадзяюцца, што ўлады належным чынам адрэагуюць на іх зварот.
Прынамсі, падчас папярэдніх канцэртаў у Беларусі “Гражданской обороны” ў красавіку-траўні сёлета, пасьля звароту габрэйскіх актывістаў улады арганізавалі пільны кантроль за выступамі гурту. Акцыі пратэсту супраць гастроляў “Гражданской обороны” тады арганізавалі й актывісты Маладога Фронту. Намесьнік дырэктара менскага клюбу “Рэактар”, дзе мае адбыцца канцэрт гурту, Віталь Тамбоў, запэўніў мяне, што любыя праявы экстрэмізму і ксэнафобіі з боку расейскіх музыкаў будуць жорстка спыняцца:
(Тамбоў: ) “Вы не пераймайцеся з нагоды таго, што будуць нейкія лёзунгі. Проста будзе адключаная апаратура, гэта элемэнтарна робіцца”.
Актывісты габрэйскай арганізацыі таксама зьбіраюцца пільна сачыць за канцэртамі расейскага гурту.