ЦІ ПОЙДУЦЬ ЛІТОЎЦЫ НА СУПРАЦОЎНІЦТВА З АФІЦЫЙНЫМ МЕНСКАМ?

Тацяна Поклад, Вільня

Паколькі Літва не прызнае легітымнасьці Нацыянальнага сходу Беларусі, афіцыйныя кантакты між дзьвумя краінамі-суседкамі цяпер магчымыя на ўзроўні не вышэйшым за віцэ-міністраў.

Літоўскія сацыял-дэмакраты прапаноўваюць пашырэньне фармальных кантактаў зь Менскам. Візыт у Беларусь чатырох літоўскіх дэпутатаў ад фракцыі сацыял-дэмакратаў (які адбыўся бяз дазволу Сойму) выклікаў шмат крытыкі у Літве, але і прыцягнуў увагу да беларускага пытаньня. Віцэ-сьпікер парляманту, адзін з лідэраў сацыял-дэмакратаў, Віцяніс Андрукайціс, кажа, што ён яшчэ раней прапаноўваў адмовіцца ад палітыкі абмежаваных кантактаў:

(Андрукайціс: ) “Мае прапановы сьпелі даўно. Яны аформіліся, калі я ўдзельнічаў у Польшчы у эканамічным форуме ў Крыніцы. Я напісаў справаздачу і ўзьняў пытаньне перад МЗС і ўрадам: “тое, што я назіраў у Польшчы, прымушае нас падумаць пра больш актыўную тактыку ў беларускай палітыцы”. У Польшчы ў эканамічным форуме удзельнічаў і прэм’ер Беларусі, і прадстаўнікі ўраду. І польскія міністры не баяцца кантактаваць зь беларускімі калегамі.”

Сацыял-дэмакраты, цяпер кіруючая партыя у Літве, ініцыявалі сустрэчу парляманцкіх камітэтаў па замежнай палітыцы і па эўрапейскіх справах адмыслова па пытаньнях беларускай палітыкі. Віцэ-сьпікер парляманту Андрукайціс выступіў за адмену ранейшай палітыкі абмежаваных кантактаў.

(Андрукайціс: ) “Нам трэба, каб Беларусь бачыла, які прагрэс у Літве і ў якой сытуацыі апынулася Беларусь, ня робячы рэформаў. Нам трэба рабіць агульныя праекты – памежнае, экалягічнае супрацоўніцтва, змаганьне зь нелегальнай міграцыяй, са злачыннасьцю. Нам трэба размаўляць зь беларускімі дэпутатамі. Не баяцца ўздымаць пытаньні, непрыемныя для Беларусі – да прыкладу, пра парушэньні правоў чалавека… Трэба ўздымаць пытаньні і перад Эўразьвязам, каб актуалізаваць беларускую праблематыку. І трэба займець пэўныя паўнамоцтвы, каб гаварыць ад імя структураў Рады Эўропы, ад імя АБСЭ. Паўнамоцтвы кіраўнікам Літвы і Польшчы, каб было магчыма сказаць наўпрост Лукашэнку і пра плюсы, і пра мінусы.”

Паводле Андрукайціса, цяперашняя палітыка і Эўразьвязу, і Літвы ў дачыненьні да Беларусі “ня дала добрых вынікаў”, але толькі “ўзмоцніла рэжым Лукашэнкі”, і таму яе трэба мяняць. Парляманцкая фракцыя кансэрватараў Літвы (апазыцыйная) назвала гэтыя прапановы “шкоднымі”. Адзін зь лідараў партыі кансэрватараў (“Саюз айчыны”) Вітаўтас Ляндзбергіс заяўляе:

(Ляндзбергіс: ) “Я ня бачу падставы зьмяняць цяперашнюю палітыку, паколькі беларускі рэжым ня зьмяніўся ў лепшы бок, хіба – ў горшы. З боку Беларусі няма падставаў зьмяняць нашу палітыку. Такія падставы былі б, калі б Літва сама пачала зьмяняцца – рухацца у такім самым накірунку, як рэжым Лукашэнкі. Цяперашні беларускі рэжым мае пэўную апеку з боку Расеі. Сама Расея робіцца подобнай да Беларусі. Але Літва – пакуль не. Калі палітыка ў дачыненьні да Беларусі зьменіцца – бязь ніякіх падставаў з боку Беларусі – гэта будзе азначаць, што ў Літве зьявіліся такія падставы, у Літве сытуацыя пагоршылася.”

Літоўскія кансэрватары падтрымліваюць сталыя кантакты з беларускай апазыцыяй, ладзяць у Літве парляманцкія слуханьні па праблемах парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Нязгоду ў літоўскім парляманце выклікае пытаньне тактыкі ў дачыненьнях да Беларусі, але адносна ацэнак рэжыму Лукашэнкі меркаваньне адзінадушнае – гэта дыктатарскі рэжым. Ніхто зь літоўскіх парлямантароў не адзначае дэмакратычных зьменаў у Беларусі.
Сацыял-дэмакраты, прапаноўваючы супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам, спадзяюцца абысьці пытаньне афіцыйнага прызнаньня нелегітымнага беларускага парляманту:

(Андрукайціс: ) “Прызнаньня цяперашняга парлямэнту ня можа быць ніякім чынам, – тым болей, што набліжаюцца новыя парлямэнцкія выбары… Праблема прызнаньня – на другім, калі не на трэцім, месцы. Важней – стварыць такое асяродзьдзе, якое будзе уплываць на дэмакратычныя працэсы ў Беларусі.”

Літоўскія палітыкі спадзяюцца, што супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам дасьць ім магчымасьць публічна выступаць у Беларусі.

(Андрукайціс: ) “Уявіце мой візыт у Беларусь. Я змагу сказаць ўсім, хто кажа пра нас непраўду, – дайце мне права свабодна выказацца ў беларускім друку. Я буду дамагацца прэсавай канфэрэнцыі – гэта я запатрабую.”

Парляманцкі камітэт па пытаньнях замежнай палітыкі Літвы пакуль устрымліваецца ад камэнтароў. Старшыня парляманцкай камісіі па справах НАТО, дэлегат Парляманцкай Ассамблеі Рады Эўропы Вацлаў Станкевіч прапаноўвае ўзгодніць палітыку ў дачыненьні да Беларусі з парлямантамі Латвіі й Польшчы.