Вуліцы Менску паўпустыя, і толькі вывешаныя чырвоныя сьцягі нагадваюць пра бальшавіцкае сьвята. А таксама тэлевізійная праграма, складзеная збольшага са старых савецкіх фільмаў пра рэвалюцыянэраў, раскулачваньне і гераічную працу супрацоўнікаў ГПУ і НКВД. Адметна, што тэлеэмблемай сьвята сталі чырвоныя гвазьдзікі на белым тле, якія нагадваюць нацыянальныя бел-чырвона-белыя сымбалі.
Аляксандар Лукашэнка ня браў удзелу ў афіцыйных урачыстасьцях з нагоды гадавіны бальшавіцкага перавароту. Сёньня ён паехаў з рабочай паездкай у Жыткавічы і Петрыкаў. Аднак у Менску ды іншых гарадах Беларусі прайшлі ўрачыстасьці. Прыкладам, у Гомлі — шэсьце і мітынг, у Віцебску — канцэрт на плошчы Свабоды, у Берасьці — урачыстыя сходы й канцэрты. А ў Менску сёньня ўлады абмежаваліся ўскладаньнем кветак да помніку Леніну на плошчы Незалежнасьці.
Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода, што сябры яго партыі плянавалі інакш адзначыць 7 лістапада:
(Калякін: ) “Папярэдне мы плянавалі правесьці дэманстрацыю ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі й далей мітынг у парку Горкага. Аднак улады, якія традыцыйна баяцца любых збораў людзей, таму што разумеюць, што беларусы не задаволеныя палітыкай улады, забараняюць любыя мерапрыемствы, дзе людзі выказваюць свае думкі. І нашая дэманстрацыя і мітынг таксама не былі дазволеныя. Нам прапанавалі ізноў пайсьці на пляцоўку для выгулу сабак у раён плошчы Бангалор у Менску. Таму мы прынялі рашэньне не праводзіць гэтага мерапрыемства, а абмежавацца ўскладаньнем кветак”.
Паводле Сяргея Калякіна, мерапрыемствы з удзелам сяброў яго партыі сёньня прайшлі ў розных гарадах Беларусі.
Адметна, што ў суседняй Расеі 7 лістапада адзначаецца як Дзень прымірэньня й згоды. Паводле гісторыка Анатоля Грыцкевіча, для Беларусі Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі — штучнае сьвята:
(Грыцкевіч: ) “7 лістапада 1917 году ў Беларусі ўвогуле ніякіх падзеяў не было. А пра тое, што адбылося ў Петраградзе, даведаліся толькі ўвечары з тэлеграфных паведамленьняў. Сьвята гэтае для Беларусі ня мае ніякага значэньня, толькі вось яго вынікі ажно дагэтуль адчуваюцца. Гэта сьвята перш за ўсё бальшавіцкае, а гістарычна гэта — расейскі дзень, таму для Беларусі гэта ніякае ня сьвята”.