КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

Ул. інф.

7 лістапада ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі. Цікава, што ў Расеі, дзе адбылася тая рэвалюцыя, сёньня – Дзень згоды і прымірэньня. Гэта значыць, дзень пераадоленьня наступстваў кастрычніцкага перавароту.

7 лістапада ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі архітэктар Караль Падчашынскі, які збудаваў палац-рэзыдэнцыю ўсіх віленскіх кіраўнікоў – ад Напалеона і графа Мураўёва да сёньняшняга прэзыдэнта Літвы; паэт Міхась Чарот, найбольш вядомы паэмаю «Босыя на вогнішчы» і футбаліст зорнага складу Менскага «Дынама» Сяргей Алейнікаў.

Таксама ў гэты дзень нарадзіліся Марыя Складоўская Кюры, якая двойчы атрымала фізычную прэмію Нобэля, расейскі рэвалюцыянэр і супернік Сталіна Леў Троцкі і францускі пісьменьнік, таксама нобэлеўскі ляўрэат Альбэр Камю.

Цяпер – пра каляндарныя адметнасьці заўтрашняе суботы. 8 лістапада ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Зьміцер. “Зьмітраў дзень – зіма лезе на пляцень”, – казалі нашыя продкі. А яшчэ: “Сьвяты Зьміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў”, – што сьведчыла пра заканчэньне гаспадарчай актыўнасьці перад зімою.

Заўтра спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэньня выдатнага дзеяча беларускага адраджэньня Вацлава Ластоўскага. Родам ён з засьценку Калесьнікі Глыбоцкага раёну. Ластоўскі – палітык, выдавец, гісторык і літаратар. Калі пералічыць ягоны жыцьцёвы даробак, можна падумаць, што гэта не адзін чалавек працаваў, а цэлая Акадэмія Навук з цэлым Саюзам Пісьменьнікаў разам узятыя. Мяркуйце самі. Ён быў сакратаром рэдакцыі газэты “Наша Ніва“, выдаў першую “Кароткую гісторыю Беларусі“, пасьля быў рэдактарам газэты “Гоман“ і часопіса “Крывіч“, пісаў апавяданьні і аповесьці, апублікаваў “Падручны расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік“ і фундамэнтальную “Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі, а яшчэ шмат перакладаў. І пры гэтым усім узначальваў урад БНР, за што пры паляках трапіў у турму, працаваў у міністэрстве беларускіх справаў у міжваеннай Літве, у Коўне. Адтуль перабраўся ў Менск, быў дырэктарам беларускага дзяржаўнага музэя. У 1937 годзе савецкія карныя органы выслалі Ластоўскага ў Саратаў і там расстралялі. Было яму на той момант 55 гадоў. Можна толькі ўяўляць, чаго не пасьпеў зрабіць Ластоўскі – чалавек-акадэмія, генэратар ідэяў, надзелены талентам і неверагоднай працавітасьцю.

А яшчэ заўтра спаўняецца 50 гадоў з дня сьмерці Івана Буніна, расейскага пісьменьніка, ляўрэата Нобэлеўскай літаратурнай прэміі. Бунін прызнаны за аднаго зь лепшых стылістаў у расейскай літаратуры. А беларускія даведнікі нагадваюць, што паходзіць ён зь беларускага шляхецкага роду Бунікоўскіх. Продкі пісьменьніка згадваюцца ў дакумэнтах 15-га стагодзьдзя. Іван Бунін не прыняў бальшавіцкае ўлады і эміграваў у Францыю, дзе і памёр 50 гадоў таму.