КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

Ул. інф.

6 лістапада 1315 году гарадзкі суд Флярэнцыі завочна прысудзіў паэта Дантэ Алігеры, аўтара славутай “Боскай камэдыі“ да сьмерці. А 6 лістапада 1455 году ўлады адабралі друкарню ў пачынальніка кнігадрукаваньня Ёгана Гутэнбэрга. Рэч у тым, што грошы на друкарню Гутэнбэргу даў нехта Фуст. І гэты Фуст не захацеў чакаць вынікаў экспэрымэнту, пакуль Гутэнбэрг зможа на друкарні зарабіць ды расплаціцца з мэцэнатам, і запатрабаваў вярнуць пазыку. Тады суд адабраў друкарню у Гутэнбэрга і аддаў яе Фусту. Толькі нашчадкі зразумеюць, што Ёган Гутэнбэрг зрабіў цэлую культурную рэвалюцыю, пачаўшы друкаваць першыя кнігі, а тады на гэта не зьвярнулі ўвагі.

6 лістапада 1796 году памерла расейская імпэратрыца Кацярына ІІ, якая адыграла прыкметную ролю ў гісторыі Беларусі, а менавіта – далучыла беларускія землі да Расеі. Каляніяльнае становішча краіны працягнулася амаль 200 гадоў, пакуль у 1991 годзе Беларусь зноў стала рэальна незалежнай. Што да Кацярыны ІІ, дык варта нагадаць, што была яна з паходжаньня нямецкай прынцэсай.

6 лістапада 1862 году памёр Віктар Каліноўскі, старэйшы брат Кастуся Каліноўскага, які вывучаў гісторыю Беларусі і шмат паўплываў на сьветапогляд Кастуся. Праўда, да паўстаньня Віктар не дажыў, бо памёр ад сухотаў у сямейным фальварку Якушоўка Ваўкавыскага павету. І было яму ўсяго 29 гадоў.

Сёньня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэньня Язэпа Лёсіка – аднаго з цэнтральных дзеячоў беларускага адраджэньня. Лёсік прыйшоў на сьвет у Мікалаеўшчыне пад Стоўбцамі. Удзельнічаў у абвешчаньні БНР, быў рэдактарам цэнтральных газэт “Вольная Беларусь” і “Беларусь”, стаў акадэмікам і старшынём Тэрміналягічнай камісіі. Выдаў некалькі мовазнаўчых кніг, пісаў мастацкую прозу. Язэп Лёсік быў двойчы рэпрэсаваны савецкімі карнымі органамі – у 1930-м і ў 38-м гадах. Загінуў у 1940 годзе ў ГУЛАГу.

Таксама 6 лістапада ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі палітык і пэдагог Радаслаў Астроўскі і мовазнавец Язэп Воўк-Левановіч.

А яшчэ 6 лістапада ў розныя гады нарадзіліся людзі, чые імёны сёньня на слыху ва ўсіх. Гэта бэльгіец, вынаходнік саксафону Адольф Сакс і амэрыканскі журналіст Чарлз Генры Доў, які пісаў на эканамічныя тэмы і імя якога стала назваю паказьніка рынкавай кан’юнктуры – індэксу Даў-Джонса.