У зьвязку са справай ЮКОС’у ў сьвеце ўсё часьцей гучыць пытаньне, ці ня сьведчыць арышт найбагацейшага і вельмі ўплывовага ў краіне чалавека, што Расея павольна спускаецца пры прэзыдэнце Ўладзімеры Пуціне да дыктатуры? Ці гучала яно ў Вашынгтоне ўчора? Уся дыскусія да гэтага пытаньня і зьвялася. Так, швэдзкі эканаміст Андэрс Аслунд заявіў літаральна:
(Аслунд: ) “Я думаю, што гэта безумоўна самы глыбокі палітычны крызыс, зь якім сутыкнуўся Пуцін за час свайго прэзыдэнцтва. З майго гледзішча, гэта – тыповы крызыс. Мы назіраем толькі пачатак яго. Але ён будзе разгортвацца далей.”
Уладзімер Пуцін у зьвязку з арыштам Хадаркоўскага выказаўся, што ён ня можа ўмешвацца ў функцыянаваньне судовай сыстэмы ў краіне. Тым ня меней назіральнікі і ў Расеі, і на Захадзе падкрэсьліваюць невыпадковасьць арышту Хадаркоўскага. У чым жа яна, невыпадковасьць зь гледзішча навукоўцаў-аўтарытэтаў?
Хадаркоўскі апошнім часам крытыкаваў Пуціна, фінансава дапамагаў апазыцыі, імкнуўся ўплываць на Думу. Экспэрты адзначылі, што гэта Крэмль разглядае як вялікую пагрозу напярэдадні парляманцкіх выбараў ужо ў наступным месяцы і прэзыдэнцкіх выбараў налета. Вось чаму навуковец Леон Арон, які вёў учорашнюю дыскусію, падкрэсьліў:
(Арон: ) “Вяршэнства закону, давер паміж урадам і яго грамадзянамі, незалежнасьць суду, нават вельмі спэцыфічныя і дакладна сфармуляваныя артыкулы новага і прагрэсыўнага крымінальнага кодэксу – ўсё было груба перавернута і парушана”.
Але найболей востра скрытыкаваў Пуціна Радэк Сікорскі, былы намесьнік міністра замежных справаў Польшчы. Ён працытываў дадзеныя, што 73% расейцаў хочуць далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу. І што нават Пуцін ня раз гаварыў пра тое, як было б добра, каб рубель стаў канвэртаваным, заслужыў павагу ў сьвеце, каб расейцы маглі падарожнічаць па сьвеце бяз візаў, як эўрапейцы.
Аднак, паводле Сікорскага, расейскія ўлады нічога дзеля гэтага ня робяць. Замест гэтага Расея засвойвае савецкае мінулае, ігнаруе правы чалавека, а шматлікае чынавенства, што кіруе краінай, прыйшло з вайсковых і выведных службаў. Перадусім сам Пуцін выйшаў з КДБ. Сікорскі заявіў, што Захад павінен узмацніць сувязі з Украінай і Каўказам і супраціўляцца любым спробам аднавіць савецкую ці расейскую імпэрыю. На думку Сікорскага, Захад павінен пазьбягаць Пуціна, не дазваляць яму піць гарбату з брытанскай каралевай, мець саміты з прэзыдэнтам Бушам на ягонай фэрме ў Тэхасе.
Былы высокі польскі палітык заявіў, што Пуцін не адзіны рэгіянальны лідэр, на якога Захад павінен ціснуць:
(Сікорскі: ) “Мы павінны ўзмацніць ціск на дыктатуру ў Беларусі. Гэта там, у Беларусі, сёньняшнія мэтады Пуціна былі апрабаваныя: батальёны сьмерці, гандаль з краінамі-ізгоямі, забарона свабодных мэдыяў і ўсяўладзьдзе сакрэтных службаў.”
Ці прыслухаецца Белы Дом да гэтага? Нягледзячы на пэўную напружанасьць у зьвязку са стаўленьнем да ірацкай вайны, амэрыканска-расейскія дачыненьні досыць добрыя. Яны базуюцца на супрацоўніцтве ў барацьбе зь міжнародным тэрарызмам. Пуцін і Буш апошнім часам мелі некалькі сустрэчаў на вышэйшым узроўні. І на ўчорашняй дыскусіі прафэсарка Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту Анджэла Стэнт сказала, што палітыка ізаляваньня Пуціна наўрад ці рэальная ў Вашынгтоне. Так, ЗША маюць пэўныя рычагі ўплыву на Пуціна. Але паколькі Амэрыцы ён неабходны ў барацьбе з тэрарызмам, то і ён мае рычагі ціску на Амэрыку.