КІРАЎНІКОЎ “БЕЛАЙ РУСІ” ПАДАЗРАЮЦЬ У НЕЗАКОННЫМ ВЫКАРЫСТАНЬНІ БОЛЬШ ЯК 2 МІЛЬЁНАЎ ДАЛЯРАЎ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле зьвестак “Беларусской деловой газеты”, Камітэтам дзяржаўнага кантролю нібыта заведзеныя крымінальныя справы супраць трох галоўных кіраўнікоў “Белай Русі” — генэральнага дырэктара Асіпенкі, ягонага намесьніка Мурашкі й начальніка паставак і рэалізацыі нафтапрадуктаў Сьцяпанава.

Сьледчыя з КДК нібыта высьветлілі нейкія махінацыі з грашыма, якія зарабляліся на продажы нафты і нафтапрадуктаў. З гэтых грошай недалічыліся больш як 2 мільёнаў даляраў, якія нібыта “пракручвалі” кіраўнікі “Белай Русі”. Ім усім прад’яўленае абвінавачаньне ў невяртаньні з-за мяжы валюты, што караецца трыма гадамі пазбаўленьня волі.

У Камітэце дзяржкантролю аднак не пацьвярджаюць гэтых зьвестак, хаця і не абвяргаюць. Ад пачатку справа супраць кіраўнікоў “Белай Русі” вялася КГБ. Паводле ранейшых зьвестак, на падазрэньні ў сьледчых КГБ нібыта была і кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова, але афіцыйна гэтыя зьвесткі не пацьвердзіліся. Не абнародавана доказаў і таго, што спадарыня Жураўкова атрымала аўдыенцыю ў Аляксандра Лукашэнкі і падчас размовы з кіраўніком дзяржавы здолела пераканаць яго, што працавала сумленна.

Ва ўсякім разе, крыніцы, на якія спасылаюцца журналісты “БДГ”, цяпер ніяк ня зьвязваюць крымінальных справаў супраць кіраўнікоў “Белай Русі” зь імем Галіны Жураўковай. Відавочна, што зусім адвесьці падазрэньні ад кампаніі, якая дзейнічала пад дахам Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, не ўдалося, пра што і сьведчаць крымінальныя справы супраць кіраўнікоў “Белай Русі” Асіпенкі, Мурашкі і Сьцяпанава.