ВАЎКАВЫСКІЯ КІРОЎЦЫ ТАКСОВАК НАРЭШЦЕ МОГУЦЬ ПРАЦАВАЦЬ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Жыхары Ваўкавыска пасьля 11 гадзінаў раніцы зноўку ўбачылі на вуліцах знаёмыя таксоўкі “Мэрсэдэсы”. Усе кіроўцы адразу выехалі ў горад. Вось што мне сказалі ў таксафірме Мікалая Аўтуховіча:

(Спадарыня: ) “Заказы паступаюць. Людзі проста тэлефануюць віншуюць нас з выхадам на працу. Кажуць: мы таксама за вас радыя, будзем заказваць аўтамабілі, і заказы сапраўды ёсьць”.

Сам Мікалай Аўтуховіч упершыню за доўгі час мог з палёгкай уздыхнуць.

(Спадарыня: ) “Ён быў вельмі шчасьлівы, я даўно яго такім ня бачыла”.

Змаганьне кіроўцаў, іхная масавая доўгадзённая галадоўка скончыліся пасьпяхова. Нагадаю, што спачатку падатковая служба вярнула арыштаваныя таксоўкі. Затым рэспубліканская пракуратура накіравала ў міністэрства транспарту пратэст адносна загаду міністра Баравога. Паводле загаду дзеяньне ліцэнзіі на таксаперавозкі прыпынілі на адзін месяц—да 20 лістападу. Пратэст паступіў 31 кастрычніка, міністэрства павінна было адрэагаваць цягам 10 дзён. Сёньня падпісаны новы загад, 60 чалавек у таксафірме зноўку атрымалі магчымасьць працаваць.