У ВІЦЕБСКУ РАСПАЧАЎСЯ СУДОВЫ ПРАЦЭС НАД СЯБРАМІ КХП БНФ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Судовы працэс над затрыманымі ўчора сябрамі КХП БНФ распачаўся на чытыры гадзіны пазьней меркаванага часу, бо ў Кастрычніцкім райаддзеле міліцыі ніяк не знаходзілі машыны, каб забраць Аляксандра Салаўяна, Ігара Мацьвеева ды Алеся Пазьняка з ізалятару часовага ўтрыманьня. І першае, што зрабіла на пачатку паседжаньня судзьдзя Кастрычніцкага раённага суду Марына Марозава, забараніла прысутнічаць на судовым пасяджэньні журналістам. Такім чынам, судовы працэс над сябрамі КХП БНФ стаў закрытым.

Паводле міліцэйскіх пратаколаў, сямёра затрыманых ёсьць парушальнікамі закону пра правядзеньне вулічных акцыяў, бо ўчора яны трапілі ў пастарунак за тое, што пад бел-чырвон-белым сьцягам несьлі па віцебскіх вуліцах кветкі ды драўляны крыж, які меркавалі ўсталяваць на Ўсьпенскай горцы — вядомым месцы расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Затрыманьне праводзіў начальнік Кастрычніцкага райаддзелу Андрэй Пракаповіч. Спадароў Салаўяна ды Плешчанку, якія несьлі крыж, ён затрымаў першымі. Па астатніх былі выкліканыя яшчэ дзьве службовыя машыны. Тамару Мамчыц ды Яна Дзяржаўцава з пастарунку адпусьцілі празь дзьве гадзіны, іншых міліцыянты вырашылі з-пад варты да суду не адпускаць.

Аднак у ізалятары часовага ўтрыманьня спадары Плешчанка ды Емельянаў запатрабавалі мэдычнае дапамогі, і пасьля таго, як дактары 3-га гарадзкога шпіталю засьведчылі ў абодвух абвастрэньне хваробаў сэрца, міліцыянты мусілі адпусьціць і іх.

Судзьдзя Марына Марозава пасьпела сёньня пачаць разгляд усяго дзьвюх судовых справаў — справаў Уладзімера Плешчанкі ды Аляксандра Салаўяна. Разьбіральніцтва цягнулася амаль дзьве гадзіны, і ўрэшце судзьдзя загадала выклікаць дадатковых сьведкаў. Таму далейшы разгляд гэтых справаў перанесены на 17 лістапада. Астатнія пяцёра затрыманых мусяць зьявіцца ў суд 11 лістапада, іхныя справы перададзены судзьдзі спадарыні Зубрыцкай. Крыж, які сябры КХП БНФ зьбіраліся ўсталяваць на Ўсьпенскай горцы, будзе ў часе гэтых судоў галоўным рэчавым доказам адміністрацыйнага правапарушэньня. Яшчэ два крыжы, якія апазыцыянэры ўчора пасьпелі ўсталяваць у іншых месцах масавых расстрэлаў, сёньня ўжо зьнішчаныя на загад міліцэйскага начальства.