29 КАСТРЫЧНІКА 1937 ГОДУ Ў МЕНСКУ БЫЛІ РАССТРАЛЯНЫЯ 22 ЛІТАРАТАРЫ

Валянціна Аксак, Менск

У ноч на 29 кастрычніка 1937 году паводле абвінавачаньня ў нацыянал-дэмакратычнай контаррэвалюцыйнай дзейнасьці былі расстраляныя: крытыкі і публіцысты Макар Шалай, Якаў Бранштэйн, Віктар Вайноў, Хацкель Дунец, Язэп Каранеўскі, Саламон Левін, Пятро Хатулёў, Павал Шастакоў і Аляксей Кучынскі; паэты Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Зяма Півавараў, Алесь Дудар, Майсей Кульбак, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Ізі Харык і Арон Юдэльсон; празаікі Васіль Сташэўскі, Васіль Каваль, Платон Галавач і Міхась Зарэцкі. У наступную ноч крывавы сьпіс дапоўнілі журналіст Прохар Іспраўнік, празаік Янка Нёманскі, паэты Юлі Таўбін і Тодар Кляшторны.

Старэйшая дачка Тодара Кляшторнага шасьцігадовая тады Тадзіяна сам арышт бацькі не запомніла, а вось адзінае наведваньне яго перад расстрэлам у турме адклалася ў дзіцячай памяці на ўсё жыцьцё.

(Кляшторная: ) “Памятаю, як цяпер — мне тады было шэсьць гадоў — зайшлі мы, і бацька прыйшоў, нейкі сьледчы яго прывёў. Я яго не пазнала: твар быў у крывападцёках, ніводнага гузіка, валасамі зарослы, такі бледны… Маці гаворыць: што з табой здарылася, чаму ты такі? Ён адказвае: не хвалюйся, хутка прыйдзе час — я выйду адсюль. Глядзі дзяцей, глядзі, каб сама добра (яна была тады ўжо цяжарная трэцяй нашай сястрычкай). Ён ні ў чым нам не прызнаўся, але маці ўвесь час плакала. Празь пяць хвілін яго павялі ад нас за турэмныя краты, і больш мы яго ня бачылі”.

Усяго ў 1937–38 гадах за турэмнымі кратамі апынулася, паводле падлікаў гісторыка Васілеўскай, больш за сотню беларускіх літаратараў. Складальнік біяграфічнага даведніку рэпрэсаванае беларускае інтэлігенцыі Леанід Маракоў называе лічбу, удвая большую. Многія з арыштаваных былі расстраляныя адразу, а шмат хто загінуў у лягерах. У ліку апошніх быў празаік Адам Бабарэка. Вось як паўплывалі тыя падзеі на ягоную дачку Алесю:

(Бабарэка:) “Вы ведаеце, я так была гэтым кранутая: дзевяць гадоў — гэта ўжо ўзрост дасканалы, каб усё разумець. Я лічу, што гэта паўплывала на маю псыхіку, бо я ўвесь час сьніла адзін і той жа сон. Бягуць хмары-хмары, нібы смэрч, які малююць на карцінах… Я ў рэальным жыцьці ніколі такога ня бачыла. І яно мяне вось-вось засмокча, і я апынуся дзесьці ў нябыце. Гэты сон мяне мучыў, пакуль я ня выйшла замуж і не нарадзіла дачку. А гэта было ў 26 гадоў. А да 26 гадоў я кожную ноч бачыла гэты страшны сон”.

Праведзеныя карнымі органамі масавыя рэпрэсіі беларускае інтэлігенцыі ў 1937–38 гадах былі афіцыйна падсумаваныя дакумэнтам, які называўся “Вынікі разгрому антысавецкага падпольля ў БССР”. Паводле яго, у азначаны час было арыштавана 2570 прадстаўнікоў усіх прафэсійных катэгорыяў беларускае інтэлігенцыі ўлучна з кіраўнікамі розных ведамстваў. Сярод іх 23 чалавекі працавалі ў цэнтральным савецкім і партыйным кіраўніцтве, 56 — у наркамаце, 179 былі высокапастаўленыя апаратчыкі, 20 — акадэмікі й навуковыя супрацоўнікі Акадэміі навук. Адзіная віна гэтых людзей — “сны аб Беларусі”, як роспачна-трапна сказаў у сваім знакамітым вершы Янка Купала.