У МЕНСК ПРЫБЫЛА ВАЙСКОВАЯ ДЭЛЕГАЦЫЯ ВІЕТНАМУ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Віетнамскае войска — адно з самых вялікіх ня толькі ў Азіі, яно налічвае больш за мільён вайскоўцаў і ўваходзіць у дзясятку буйных арміяў сьвету. Да таго ж у сучаснай вайсковай гісторыі ў гэтага войска перамогаў больш чым у каго іншага. Народная армія Паўночнага Віетнаму на пачатку 1970-х гадоў перамагла ў грамадзянскай вайне з Паўднёвым Віетнамам, які падтрымлівалі ЗША. У сярэдзіне 1970-х гадоў 150 тысяч віетнамкіх вайскоўцаў скінулі ў Камбоджы рэжым дыктатара Пол-Пота, а пры канцы 1970-х Народная армія Віетнаму адбіла агрэсію Народнай кітайскай арміі.

Аўтаматы Калашнікава, танкі Т-72 ды самалёты МіГ-21 — гэтымі на той час найлепшымі ўзорамі савецкай зброі біла сваіх праціўнікаў віетнамская армія. Але гэтая зброя даўно састарэла. Састарэла і арганізацыя войска, якая была цалкам скапіяваная з савецкай арміі. Напружанасьць на Індакітайскай паўвысьпе не паменшала. З-за тэрытарыяльных прэтэнзіяў дагэтуль не наладжаныя адносіны Віетнаму з Кітаем. Як вынік, мільённая армія Віетнаму дагэтуль не скарочаная, і ўзьнікла патрэба ў яе пераўзбраеньні ды рэарганізацыі. Прычым асаблівую ўвагу вырашана зьвярнуць на перабудову супрацьпаветраных і паветраных сілаў.

Менавіта з гэтай мэтай прыехаў у Беларусь адзін з высокіх вайсковых кіраўнікоў Віетнаму Буй Данг Фіет. Сёньня якраз пачынаецца ягонае знаёмства з часткамі супрацьпаветраных і паветраных войскаў Беларусі. Паводле прэсавай службы Мінабароны Беларусі, віетнамскі генэрал наведае вайсковыя аэрадромы, правядзе перамовы аб супрацоўніцтве зь беларускімі лётчыкамі й ракетчыкамі, наведае вайсковую акадэмію. Невядома, ці прывядуць гэтыя кантакты да закупаў беларускай зброі. Аднак незалежныя аглядальнікі не выключаюць, што пэўныя прапановы віетнамцам будуць зробленыя. У прыватнасьці, паслугі заводу рамонту вайсковых самалётаў у Баранавічах сапраўды могуць віетнамцаў зацікавіць.

Наколькі карысным для абодвух народаў будзе разьвіцьцё вайсковага супрацоўніцтва Беларусі і Віетнаму? У аглядальнікаў ёсьць пэўныя разыходжаньні. Дзяржаўныя крыніцы падтрымліваюць вайсковыя сувязі зь Віетнамам як магчымасьць выйсьці на віетнамскі рынак узбраеньняў, а незалежныя назіральнікі адзначаюць у першую чаргу тое, што кіраўніцтва Віетнаму дагэтуль не адмовілася ад ідэяў камунізму. У такім разе ўзмацненьне віетнамскага войска праз дапамогу Беларусі лічыцца незалежнымі назіральнікамі фактарам узмацненьня аўтарытарнага рэжыму гэтай краіны. Але тое самае можна сьцьвярджаць і адносна беларускага рэжыму.

Дарэчы, нездарма Беларусь актыўна супрацоўнічае ў вайсковай галіне якраз з дыктатарскімі ды паўдыктатарскімі рэжымамі на розных кантынэнтах сьвету. Дастаткова згадаць дачыненьні Беларусі з Сырыяй, Лібіяй, былымі краінамі Югаславіі ці Іракам.