29 кастрычніка – самы чорны дзень у гісторыі беларускай літаратуры. За адну ноч з 29-га на 30-га ў Курапатах пад Менскам карнікі НКВД расстралялі цэлую групу пісьменьнікаў, сярод якіх былі Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Валеры Маракоў, Міхась Чарот ды іншыя, усяго 22 чалавекі.
Наагул жа за сталінскім часам было рэпрэсавана 440 з 550-ці літаратараў. Рада Беларускага ПЭН-цэнтру зьвярнулася ва Ўсясьветны ПЭН-клюб з прапановаю абвесьціць 29 кастрычніка Ўсясьветным днём памяці рэпрэсаваных пісьменьнікаў.
Чорны дзень 29 кастрычніка не абмяжоўваецца 1937-м годам. У такі самы дзень у 1938-м у Курапатах была расстраляная дзяячка беларускага нацыянальнага адраджэньня і кіраўнічка беларускіх эсэраў Палута Бадунова. Варта згадаць, што гэты дзень у савецкім календары быў сьвяточным, бо менавіта 29 кастрычніка ў СССР адзначалі дзень нараджэньня камсамолу.
29 кастрычніка 1989 году ў Курапатах быў усталяваны і высьвечаны першы памятны крыж.
29 кастрычніка 1942 году нямецкія нацысты разам з украінскімі паліцыянтамі зьнішчылі 16 тысяч габрэяў у Пінску. А 29 кастрычніка 1952 году тамсама ў Пінску была ўзарваная сынагога – самая старая на землях былой Рэчы Паспалітай.
Цяпер – біяграфічныя даты.
29 кастрычніка 1451 году ў італьянскім горадзе Гэнуя нарадзіўся Хрыстафор Калюмб, выбітны мараход, гішпанскі адмірал. Гэта ён кіраваў гішпанскай экспэдыцыяй ў Індыю, у выніку якой была адкрытая Амэрыка.
Сярод іншых знакамітых людзей, што прыйшлі на сьвет 29 кастрычніка ў розныя гады, згадаем сёньня ўкраінскага анархіста Нестара Махно, які стварыў уласную паўстанцкую армію, Ёзэфа Гёбэльса, які быў міністрам прапаганды фашыстоўскага Райху і расейскага палітыка Яўгена Прымакова.
Сёньня ж спаўняецца 65 гадоў беларускаму літаратуразнаўцу Янку Саламевічу, які шмат спрычыніўся да працы выдавецтва Беларуская энцыкляпэдыя, выдаў кнігу пра фальклярыста 19 стагодзьдзя Міхала Федароўскага, «Слоўнік беларускіх псэўданімаў» ды шмат іншых карысных і цікавых кніг.