Сёньня раніцай прыватны прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч зьявіўся ў сваім офісе. Яго трохі хістае. Ён вельмі часта кашляе. У яго падвышаная тэмпэратура. Спадар Аўтуховіч прыехаў сюды адразу пасьля таго, як выйшаў са шпіталю.
Ад мінулай сыботы ён ляжаў з падазрэньнем на пнэўманію, але папярэдні дыягназ не пацьвердзіўся, і тады прадпрымальнік вырашыў вярнуцца да сваіх калегаў. З мэдычнага пэрсаналу яго ніхто не прытрымліваў і ня ўпрошваў зьмяніць сваё рашэньне, хаця Аўтуховіч галадуе ўжо болей за паўмесяцы.
Раніцай кабінэт кіраўніка "Радыётаксі-22222" запаўняюць галадавальнікі. У іхнай прыстунасьці спадар Аўтуховіч пачынае абтэлефаноўваць чыноўнікаў Ваўкавыскага райвыканкаму ды Гарадзенскага аблвыканкаму з аднолькавым пытаньнем: "Калі вернуць арыштаваныя машыны?" Адказы паўсюль аднолькавыя: "У вашай справе пакуль нічога не зьмянілася."
Галадавальнікі чакаюць, пакуль з Горадні ў Ваўкавыск прыедзе сьледчы, які будзе правяраць, наколькі дзеяньні падатковай інспэкцыі адпавядаюць заканадаўству. Абласная пракуратура абяцала прыслаць свайго супрацоўніка ўжо на гэтым тыдні.
Тым часам яшчэ сямёра кіроўцаў напісалі заяву пра пачатк галадоўкі. Сярод іх – Ігар Карбыш.
(Карбыш: ) "Канечне, я супраць усёй гэтай уседазволенасьці ўладаў, якую мы тут бачым. І гэта ня толькі мая сям'я. Можна сказаць, што палова гораду выступае супраць. Цяпер людзям няма на чым езьдзіць. А самае галоўнае – няма працы. Мы сядзім бяз грошай. А трэба плаціць за камунальныя паслугі. Дзецям трэба хадзіць у школу, іх трэба абуваць-апранаць. Але грошай няма."
Мікалай Аўтуховіч мае намер напісаць афіцыйны ліст у Ваўкавыскі райвыканкам і папрасіць, каб галадавальнікам выдалі дадатковае памяшканьне. Ён тлумачыць, што болей як 30 чалавек ня могуць адначасна дняваць і начаваць у офісе прыватнай службы "Радыётаксі".