ФРАЙМУТ ДУВЭ: “У БЕЛАРУСІ РЭЦЫДЫЎ ДЫКТАТУРЫ”

Ул. інф.

У размове з карэспандэнтам бэрлінскага выданьня спадар Дувэ выказвае меркаваньні наконт таго, што пагражае свабодзе прэсы ў шэрагу эўрапейскіх краінаў і спрабуе падсумаваць вынікі сваёй працы ў АБСЭ.

Часам спадару Дувэ ўдавалася выцягваць журналістаў з турмаў. Але, — заўважае ён, — канчатковае рашэньне наконт вызваленьня ўсё ж залежала ад прэзыдэнтаў. “Калі вы захацелі зрабіць разьвітальны візыт у Беларусь, рэжым адмовіў вам у візе. Гэта таксама ёсьць супрацьстаяньнем?” — пытаецца ў Фраймута Дувэ карэспандэнт “Berliner Zeitung”.

“Гэта было зроблена вельмі рафінавана, — адказвае Дувэ. — Аднак падобныя праблемы зь Беларусьсю мы мелі й раней. Гэтая краіна ёсьць эўрапейскім выключэньнем. Тут назіраецца відавочны і жорсткі рэцыдыў дыктатуры”. Паводле Фраймута Дувэ, наўрад ці гэты працэс можна назваць вяртаньнем да мінулай камуністычный дыктатуры. Размова ідзе пра лацінаамэрыканскі варыянт разьвіцьця — калі кантрольныя інстытуты, судзьдзі й незалежная прэса становяцца падкантрольнымі выканаўчай уладзе.

Тым ня менш, дзейнасьць АБСЭ ў справе назіраньня за сытуацыяй ў галіне свабоды СМІ, паводле Фраймута Дувэ, нельга недаацэньваць: “Я рэпрэзэнтую міждзяржаўную арганізацыю, і тое, што дзяржавы надаюць свабодзе мэдыяў міжнароднае значэньне, ёсьць нечым новым”.

Паводле Фраймута Дувэ, сёньня словы “свабода слова” напісаныя і на сьцягах некаторых посткамуністычных краінаў. Праблема ў тым, што ў гэтых напалову дыктатарскіх, напалову фэадальных краінах існуе надзвычай жорсткі кантроль за прэсай — як з боку рэжымаў, так і з боку кланаў. Напрыклад, у Казахстане большасьцю мэдыяў валодае дачка прэзыдэнта Назарбаева, у Расеі — алігархі.

Нядаўна ў часе свайго візыту ў Маскву Фраймут Дувэ літаральна біў трывогу: “Газпром”, які знаходзіцца пад непасрэдным уплывам Пуціна, кантралюе большасьць цэнтральных расейскіх газэт. Надрукаваць нейкія крытычныя паведамленьні наконт экалягічных наступстваў нафтавых і газавых вытворчасьцяў немагчыма. Што да сытуацыі са свабодай СМІ ў расейскай правінцыі, то яшчэ больш складана. Калі журналіст піша пра карупцыю мясцовых палітыкаў, ён адчувае рэальную пагрозу свайму жыцьцю. Расея, паводле зьвестак АБСЭ, знаходзіцца на другім месцы ў сьвеце ў колькасьці забітых журналістаў.

З гледзішча Дувэ, шмат праблемаў і ў Азэрбайджане. “Нашы рукі зьвязаныя. Ніхто з АБСЭ ня хоча мець вялікіх канфліктаў з гэтай краінай. Баку заяўляе пра жаданьне крочыць у заходнім кірунку. Але ёсьць нямала сьведчаньняў, што гэтую дзяржаву кідаюць на фэадальны шлях. Таму ў часе сваёй дзейнасьці ў гэтых краінах я пастаянна адчуваю супрацьстаяньне”, — гаворыць Фраймут Дувэ.

Як вынікае з публікацыі ў “Berliner Zeitung”, адказны прадстаўнік АБСЭ ў справах мэдыяў успрымае далёка не адназначна нядаўнюю крытыку італьянскана прэм’ера і мэдыямагната С.Бэрлюсконі на адрас свабоды слова ў Беларусі. Вядома, Беларусь ёсьць за што крытыкаваць, лічыць Фраймут Дувэ, аднак калі такая крытыка зыходзіць ад Бэрлюсконі, які кантралюе 90% італьянскай тэлевізіі, гэта гучыць двухсэнсоўна. Прадстаўнік АБСЭ ў справах прэсы Фраймут Дувэ лічыць незразумелым з гэтай нагоды маўчаньне такіх структураў як Эўразьвяз, Рада Эўропы, Эўрапарлямэнт.